Расейцы развіваюць поспех на аўдзееўскім кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 799-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Ілюстрацыйны здымак. Каля мястэчка Золачаў, Багадухаўскі раён Харкаўскай вобласці. 1 траўня 2024 г.
Фота: Vyacheslav MadiyevskyyUkrinform / ddp images / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 14 атак праціўніка на купянскім кірунку ў ваколіцах населеных пунктаў Петрапаўлаўка, Іванаўка, Кіслоўка, Катляроўка, Бераставое і Копанкі ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё пяці контратак украінцаў каля Стэльмахаўкі, Навасёлаўскага і Кіслоўкі. Акрамя гэтага, паводле ведамства, самыя расейцы палепшылі становішча па пярэднім краі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Баравая і Купянск.

Тым часам праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша пра заняцце ЗСУ пары пазіцыяў праціўніка побач з сялом Ліман Першы (на поўначы ад Сынькоўкі).

Агулам, пасля ранейшага поспеху Узброеных сілаў РФ у сяле Кіслоўка, на паўночным усходзе Украіны назіраецца актывізацыя баявых дзеянняў.

На суседнім ліманскім кірунку войскі РФ прынамсі 14 разоў атакавалі каля Грэкаўкі, Новаягораўкі, Неўскага і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне, а таксама з усходу ад Цернаў на поўначы Данецкай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» сцвярджае, што на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва баі маюць сустрэчы характар. Пры гэтым адзначаецца, што тут ЗСУ прасунуліся на асобных участках на адлегласць да аднаго кіламетра.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на выступе па фронце з поўначы ад аднайменнага раённага цэнтру, а таксама ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на другім участку УС РФ не могуць прабіцца ў сам населены пункт з усходу, таму цяпер засяроджаная на спробах абысці горад з флангаў.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – піша, што на паўднёвым фланзе Узброеныя сілы РФ выйшлі да каналу Северскі Данец – Данбас.

Тым часам выданне BILD сцвярджае, што расейцы ўжо перайшлі канал на гэтым участку фронту, і цяпер рухаюцца ў бок Часавага Яру з паўднёвага ўсходу.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» прызнае пастаянны ціск з боку войскаў РФ на паўднёвым і паўночным флангах Часавага Яру, але зняпраўджвае інфармацыю пра фарсіраванне расейцамі каналу.

Паводле крыніцы, ЗСУ маюць сілы і сродкі, каб не пусціць праціўніка за канал, і ў такой сітуацыі ён будзе вымушаны змясціць  вектар сваіх атак далей на поўдзень – на ваколіцы сёлаў Клішчыеўка, Андрэеўка і Азаранаўка.

Канал «Офіцер», спаслаўшыся на байцоў 5-й брыгады ЗСУ, піша, што цяпер расейцы ў асноўным ціснуць на трох участках: у ваколіцах мікрараён гораду за каналам, каля трасы Т-0504 і ў сяле Іванаўскае.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Між тым найбольшая актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца на аўдзееўскім кірунку: паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 39 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Калінавае, Архангельскае, Прагрэс, Ачэрэтына, Сокал, Салаўёва, Новапакроўскае, Сямёнаўка, Уманскае, Яснабродаўка, Няйталава і Первамайскае.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць аб прасоўваннях расейцаў у сяле Архангельскае, каля Новааляксандраўкі і з поўдня ад Первамайскага.

Канал «Два майора» сцвярджае, што таксама УС РФ зайшлі ў сяло Архангельскае, заняўшы перад гэтым участак фронту шырынёй да 3,85 кіламетра і ў глыбіню да двух.

«Говорять Снайпер» адзначае, што каля 70% пяхотны расейцаў задзейнічаныя на паўночным фланзе кірунку ў ваколіцах сяла Ачэрэтына, адкуль яны спадзяюцца прасунуцца да трасы Канстанцінаўка – Пакроўск. Але, на думку крыніцы, ім гэта наўрад ці ўдасца ў бліжэйшы час, паколькі асаблівасці мясцовасці добра падыходзяць да вядзення абароны.

Мінабароны РФ піша, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

На навапаўлаўскім кірунку баі лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Вадзяное.

Канал «Два майора» піша, што ранейшыя заявы пра заход войскаў РФ у сяло Парасковіеўка (на захадзе ад Новаміхайлаўкі) аказаліся заўчаснымі – баі ідуць на подступах да населенага пункту. Пры гэтым адзначаецца, што ЗСУ ўдала абараняюцца за кошт перавагі ў FPV-дронах.

Таксама расейцам не ўдаецца прасунуцца ў Краснагораўцы, дзе баі ідуць у ваколіцах мясцовага цагельнага заводу.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейцы атакуюць на так званым урэмеўскім выступе каля населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).

Прарасейскія крыніцы пішуць аб прасоўваннях войскаў РФ каля абодвух сёлаў, пры гэтым удакладняецца, што каля Старамаёрскага яны прасунуліся пасля адбіцця атакі ўкраінцаў.

Аналітыкі Deepstate пацвярджаюць поспехі і прысутнасць УС РФ на поўдні Ураджайнага.

У Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). Прарасейскія крыніцы пішуць, што ранейшыя заявы пра захоп войскамі РФ Работына не адпавядаюць рэчаіснасці, і ЗСУ захоўваюць частку пазіцыяў на поўначы населенага пункту. Пры гэтым удакладняецца, што большая частка Работына фактычна знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, бо ніводны з бакоў не можа ў ім замацавацца праз адсутнасць уцалелых будынкаў.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі дзевяць разоў атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з займаных плацдармаў, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў