У ноч на суботу Расея атакавала Харкаў беспілотнікамі. Усе яны былі збітыя, паведамляюць Паветраныя сілы ЗСУ, аднак праз падзенне абломкаў здарылася некалькі пажараў. У выніку ўдару пацярпелі 4 асобы, праінфармаваў кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў.
Паветраную трывогу абвесцілі ў Харкаве позна ўвечары 3 траўня. Расейскія вайскоўцы запусцілі дзве групы беспілотнікаў з тэрыторыі Белгародскай вобласці.
Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сынегубаў напісаў у сваім Telegram-канале, што ў выніку атакі пацярпелі 4 асобы, у тым ліку 14-гадовая дзяўчынка. Яе і адну жанчыну шпіталізавалі. Яшчэ двум жанчынам дапамаглі на месцы.
Праз падзенне абломкаў у горадзе загарэліся некалькі аб’ектаў цывільнай інфраструктуры.
Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што ў ноч на суботу ў Харкаўскай і Днепрапятроўскай вобласці былі знішчаныя ўсе 13 дронаў-камікадзэ «Shahed», якімі атакавала Расея.
Таксама з Белгародскай вобласці запусцілі 4 зенітныя ракеты С-300 – пра перахопліванне гэтых цэляў інфармацыі няма.
Напачатку красавіка выданне «The Economist» напісала, што Расея хоча зрабіць з Харкава «шэрую зону», непрыдатную для пражывання, і рыхтуецца да штурму гораду.
3 траўня прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што расейскае войска плануе наступ на Харкаўскую і Сумскую вобласці. Атака можа пачацца напрыканцы траўня або напачатку чэрвеня.
На мяжы з Харкаўскай вобласцю, паводле Скібіцкага, сфармаваная групоўка з 35 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, імаверна, яе павялічаць да 50–70 тысячаў. Аднак усё адно рэсурсаў на захоп буйнога гораду ў агрэсара бракуе, упэўнены прадстаўнік ГУР.
Сцяпан Кубік belsat.eu