КДБ – «Кіберпартызаны»: лік 0:1 на нашу карысць

«Кіберпартызаны» паламалі працу КДБ. Сайт дагэтуль «на прафілактыцы», а 40 000 лістоў грамадзянаў выкладзеныя ў адкрыты доступ. Не ўсе з іх – «сігнал у органы», каля паловы – нармальныя звароты грамадзянаў у пытаннях, якія іх турбуюць, але і даносы таксама ёсць. Паўнавартасныя, савецкія, ад якіх павявае зусім сталінскімі часамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Жонка наводзіць на мужа, бабуля адкрыта злівае ўласнага ўнука, а з паведамленняў пра «няправільную» палітычную актыўнасць можна скласці пару тамоў памерам з «Вайну і мір».

Аднак гэтая злітая база хутчэй натхняе, чым засмучае. Мне здаецца, што, калі ўлічваць узровень канфрантацыі, падзеленасці ў грамадстве і ўсю рэвалюцыйнасць сітуацыі, менавіта палітычных даносаў мы маглі б чакаць у значна большай колькасці.

Беларусь – самы дрымуча-савецкі з аскепкаў імперыі. І тут не трэба якіх-небудзь сацыялагічных даследаванняў: і сцяг, і герб, і гімн адсылаюць менавіта да тых часоў. Увекавечаная ў назвах вуліцаў тая ж савецкая гісторыя толькі пацвярджае гэты тэзіс. Свярдлоў, Калінін і асабліва Ленін з «нашым» Дзяржынскім, як і Маркс з Энгельсам, не дазваляюць усумніцца ў «крыніцы сілы» цяперашняй беларускай дзяржавы.

Апытанні фіксуюць долю грамадзянаў, якія падтрымліваюць «крамлёўска-савецкі» шлях развіцця, як 25–30 %, а гэта азначае наяўнасць у грамадстве да 2 млн дарослых таварышаў, якія не бачаць нічога заганнага ў такой жа савецкай мадэлі паводзінаў, беспасярэдняй часткай якой выступаюць менавіта даносы.

За дзевяць гадоў 20 000 даносаў (другая палова зваротаў даносамі не ёсць) пры базе ў 2 млн азначае толькі 1 % стукачоў. Ці можна было чакаць меншага?

Адказ відавочны. У краіне, якая падтрымлівае міф пра «цудоўную савецкую мінуўшчыну», не магло не быць стукачоў. І 1 % за дзевяць гадоў, ды яшчэ ва ўмовах рэвалюцыі 2020-га, азначае, што грамадства ў цэлым у нас здаровае, і людзі тыпу Азаронка з Мукавозчыкам, якія напампоўваюць грамадзянаў постсавецкай нянавісцю, гавораць з вельмі вузкай праслойкай такіх жа маргінальных мярзотнікаў.

Што ж з гэтым рабіць? Нічога. Сонечнае святло – найлепшы дэзынфектар у такіх выпадках. Так, само па сабе выкладванне неапрацаваных асабістых звестак у адкрыты доступ ёсць парушэннем заканадаўства, як беларускага, так і еўрапейскага. І гэты факт выклікае справядлівыя пытанні да саміх «партызанаў». Аднак людзям, якія ў вызначаным законам парадку звярнуліся ў КДБ у асабістых, непалітычных пытаннях, відавочна няма чаго баяцца. Што ж тычыцца «стукачоў паводле прызвання», то ім наўрад ці будзе сорамна – неразумна на гэта спадзявацца, – але будзе добра, каб іх суседзі, сваякі, калегі з працы ведалі, з кім маюць справу. А значыць, трэба было б базу адсартаваць і зрабіць зручнай у выкарыстанні.

Не, не з мэтай пераследу ворагаў – таго, што здарылася, ужо не выправіць, – але новыя пакаленні даносчыкаў, якія ідуць за імі, будуць ясна бачыць сваю перспектыву і, магчыма, кагосьці гэтая публічнасць спыніць.

І ёсць яшчэ адзін, не бачны воку, але значны эфект. Вы можаце ўявіць, што цяпер робіцца ў самім КДБ?

Як мітусіцца грамадзянін Церцель, шукаючы, на каго можна зваліць віну за правал такога памеру. Гэта ж тая самая арганізацыя, якая павінна быць «абароненай крэпасцю», дзе працуюць самыя прафесійныя прафесіяналы, абвешаныя медалямі і ордэнамі, дзе мыш не павінна праскочыць, а тут – такі касмічны правал. Трэба кагосьці з намеснікаў зліваць, не менш. Інакш сальюць цябе самога, і сальюць з задавальненнем. У іх там свая ўнутрывідавая барацьба паміж, напрыклад, МУС і КДБ, у якой Камітэт апошнім часам перамагаў – і кейс са злівам базы даносаў абʼектыўна на руку другому боку.

І гэта добра! Чым больш у іх там мітусні і ўнутранай канкурэнцыі, тым менш застаецца сілаў на рэальную барацьбу з іншадумствам. Мой асабісты досвед узаемадзеяння з КДБ сведчыць пра тое, што нічым гэтая арганізацыя з пункту гледжання арганізацыі працы не адрозніваецца ад стандартнага калгасу. Усё тое ж: бюракратыя, надзіманне шчок і пусканне пылу ў вочы начальству.

Таму і выходзіць у матчы КДБ – «Кіберпартызаны» лік 0:1 на нашу карысць. Паглядзім, чый труп вынесуць.

/ ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў