Новы від махлярства – перахопліваюць кантроль над тэлефонам пад выглядам «Белтэлекаму»


«Белтэлекам» папярэджвае беларусаў аб ашуканцах, якія прадстаўляюцца працаўнікамі кампаніі. Яны тэлефануюць у мэсэнджарах і прапаноўваюць усталяваць файл, які дае доступ да звестак на мабільнай прыладзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына нешта шукае ў тэлефоне каля чыгуначнага вакзалу. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

«На падставе неабходнасці падаўжэння дамовы ашуканцы прапаноўваюць усталяваць ці пераўсталяваць мабільны дадатак “Мой Белтэлекам” не з афіцыйнай крамы дадаткаў, а з APK-файлу, накіраванага асабістым паведамленнем у мэсэнджар. Такі файл з вялікай доляй верагоднасці шкодны, і пасля яго ўстаноўкі (абнаўлення прыкладання) мабільная прылада становіцца падкантрольная зламысніку», – піша «Белтэлекам».

Такім чынам махляры могуць атрымаць доступ да SMS, асабістай перапіскі ў мэсэнджарах і сацсетках, інфармацыю аб банкаўскіх картках і паролях.

«Зламыснікі таксама могуць усталёўваць іншыя дадаткі на мабільнай прыладзе, атрымліваць з іх дапамогай аддалены доступ да яе, афармляць банкаўскія і іншыя сэрвісы і паслугі», – адзначае «Белтэлекам».

Аператар папярэджвае, што яго працаўнікі ніколі не патэлефануюць праз мэсэнджары.

«Калі падчас размовы ў вас зʼявіліся сумненні, завяршыце званок і ператэлефануйце на афіцыйны нумар тэлефона РУП “Белтэлекам” – 123 (адзіны цэнтр абслугоўвання кліентаў).

Нават калі размова выглядае рэалістычнай, не рабіце ніякіх дзеянняў, прапанаваных ашуканцамі: не ўсталёўвайце ніякіх праграмаў з невядомых крыніцаў або дасланых вам у выглядзе файла.

Заўсёды звяртайце ўвагу на запытаныя дадаткам правы доступу да функцыяў тэлефона. Усе правы павінны быць мінімальныя і лагічна вытлумачальныя. Калі вас просяць ператэлефанаваць на прадыктаваны нумар, праігнаруйце гэтую прапанову», – рэкамендуе «Белтэлекам».

Калі вы маеце падазрэнні, што вы ўсё ж паддаліся хітрыкам махляроў, варта як мага хутчэй звярнуцца ў міліцыю.

Hавiны
Махляры выманьваюць у беларусаў персанальныя дадзеныя пад выглядам падаткавікоў
2024.03.11 16:56

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў