Дзень ведаў ды ідэалагізацыі школы


Школьны ганак пасля летніх вакацыяў пераступілі 1 млн 58 тыс. вучняў. Дзяржава адкрыла 7 новых школаў. 1-га верасня ўсе маглі б цешыцца, як звычайна, але свята ведаў у шматлікіх сем’ях сёлета азмрочанае дзяржаўнымі новаўводзінамі. Ва ўсіх школах зʼявяцца кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, а ў сталічных – таксама турнікеты на ўваходзе і дадатковыя відэакамеры. Ці застанецца месца для свабоды ў сістэме кантролю?

Пачалося падарожжа ў краіну ведаў. Поўныя энергіі дзеткі будуць навучацца на роднай мове ў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, Вільня.

Бацькі вучняў гімназіі кажуць, чаму зрабілі такі выбар:

«Было жаданне, каб дзіця атрымлівала адукацыю па-беларуску, каб яно чула беларускае слова, каб гэта было са школы.

«Усё прытульна, усё тут сваё, блізкае, добрае стаўленне ў настаўнікаў».

«Гэта вельмі добрая гімназія паводле сістэмы навучання. Мае добры рэйтынг. Мы вырашылі, што нам падыходзіць і паводле ўзроўню адукацыі, і па беларускасці».

У гімназіі каля 30-ці новых вучняў з Беларусі. Шматлікія – з рэпрэсаваных на радзіме семʼяў. У гэтай навучальнай установе нават першакласнікі сёння атрымалі сваю першую дзіцячую Канстытуцыю з правамі і абавязкамі. На радзіме гэтых дзетак эмігрантаў – у Беларусі – у рукі 111 тыс. настаўнікаў навучацца пайшлі 1 млн 58 тыс. асобаў. Іх сустрэнуць іншыя правілы.

Іна Трусава, дзіцячы псіхолаг:

«Калі дзіця выказвае сваё меркаванне, то цяпер гэта не толькі не вітаецца, але і падвяргаецца ціску і крытыцы з боку педагогаў. Бо педагогі сталі залежнымі ад палітычных прынцыпаў, якія цяпер прэвалююць у маёй роднай Беларусі».

Курс на падаўленне асабістага меркавання, правоў і волі вучня ўзмацніўся ў апошні год, лічыць псіхолаг. Напярэдадні міністр адукацыі акурат заявіў, што абмяркоўваць і крытыкаваць настаўнікаў школьнікі не павінныя нават з бацькамі.

З бацькамі ніхто не абмеркаваў і новаўводзінаў пра ўсталяванне камер у школах і старт праграмы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Незалежныя эксперты здагадваюцца, які ўплыў штатныя «палітрукі» могуць аказваць на маладыя галовы.

«Дзіцячая псіхіка найбольш уразлівая, найбольш неабароненая. Робяць з дзяцей «салдафонаў», якія маюць дзейнічаць паводле Статуту! Гэта меркаванне міжнародных экспертаў, педагогаў, псіхолагаў. Палітычныя тэндэнцыі не павінныя навязвацца і ў іхную свядомасць не павінныя ўнушацца», – заяўляе псіхолаг Іна Трусава.

На першых пазіцыях у свеце – Японская, Канадская, Фінская сістэмы адукацыі… дзе акцэнты робяцца на: фармаванне цэласнай карціны свету, унутраная арганізацыя Еўразвязу, змены клімату, навуковыя даследаванні і гэтак далей.

У ЗША перад першым заняткам дзеці спяваюць гімн, што прывязана да амерыканскай дэмакратыі, а не пэўнага прэзідэнта. Беларускім жа настаўнікам Мінадукацыі перадала метадычныя рэкамендацыі на першы ўрок і год у цэлым – фармаваць грамадзянскасць, патрыятызм, нацыянальную самасвядомасць вучняў згодна з дзейнаю дзяржаўнай ідэалогіяй. Адная з настаўніц падзялілася з «Белсатам», якім чынам падыдзе да размовы з дзецьмі.

Настаўніца ў сярэдняй школе (ананімна):

«Ёсць афіцыйныя сімвалы і неафіцыйныя – у кожнай краіны. Гэта тое, праз што краіну пазнаюць, тое чым мы можам ганарыцца… Можна з гэтага боку падысці. Распавесці пра традыцыі, архітэктуру, культурную спадчыну нашай краіны. Я вырашыла зайсці з гэтага боку».

Педагог нагадвае калегам, што рэкамендацыі – гэта толькі парады, і ў тэме патрыятызму заўжды можна знайсці нейтральныя прыклады.

Якім чынам на практыцы дзяржава будзе змагацца за паслухмянае пакаленне – ацэньваць будзем праз некалькі гадоў. Для беларусаў, якія ў дзейнай палітычнай сістэме не вытрымліваюць, сяброўскія краіны пашыраюць у тым ліку і адукацыйную прапанову. У тым жа Віленскім ліцэі імя першадрукара ў лістападзе адкрыюць яшчэ 5 класаў, таксама і для нашых дзяцей.

Сямён Кірылаў, намеснік дырэктара гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні:

«Усе запаўняюць заявы ў электроннай форме. І калі лічба вучняў у класе не перавышае 27 асобаў, то яны аўтаматычна трапляюць, залічваюцца».

Дадатковыя месцы рыхтуюць і ў сістэме дашкольнага выхавання.

Юлія Цяльпук, «Белсат»