Гібрыдная атака ад Лукашэнкі


Ужо 2 верасня Польшча мае ўвесці надзвычайнае становішча тэрмінам на 30 дзён у памежнай зоне з Беларуссю. Калі міграцыйны крызіс не скончыцца – Еўразвяз можа прыпыніць і дзеянне візаў для людзей, звязаных з рэжымам Лукашэнкі. Каця Малей працягне.

Агароджа з калючага дроту і ўзмоцненая ахова мяжы не спыняе мігрантаў, якія імкнуцца нелегальна мінуць мяжу з боку Беларусі. За апошнія содні польскія памежнікі перадухілілі каля ста спробаў пранікнуць у краіну. Польшча ўслед за Літвой і Латвіяй заўтра мае ўвесці надзвычайнае становішча ў памежных з нашаю краінаю рэгіёнах.

«Аднак гэта не значыць, што мы спыняем гуманітарныя дзеянні. Мы разумеем, што людзі, якія размяшчаюцца на беларускім баку, не вінаватыя ў цынічнай гульні Аляксандра Лукашэнкі», – адзначае прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Паблізу памежнай вёскі Уснаж-Гурны, але яшчэ на тэрыторыі Беларусі ўжо некалькі тыдняў чакае група мігрантаў з Афганістану. Польскія ўлады зноў адправілі ім гуманітарную дапамогу, разлічваючы на тое, што афіцыйны Менск зменіць сваю пазіцыю і дазволіць перадаць мігрантам неабходнае. Падчас выступу, прысвечанага 82-ой гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правёў паралелі з нашым часам, заявіўшы, што не будзе трываць безадказных паводзінаў, словаў, спробаў дэстабілізацыі краіны.

Падобныя словы гучаць і з Бруселю. Калі праблема з мігрантамі не пераадолеецца, Еўразвяз можа прыпыніць дзеянні дыпламатычных візаў чыноўнікаў з Беларусі.

«Мы бачым, што Лукашэнка і так пад ціскам санкцыяў Еўразвязу, уведзеных раней. І гэта прыводзіць яго ў адчай. І тое, як ён выкарыстоўвае мігрантаў, для яго яшчэ і спосаб зарабіць – на прывозе мігрантаў. З майго пункту гледжання, сітуацыя звязаная з уведзенымі намі санкцыямі. І мы гатовыя ўвесці новыя. Напрыклад, я адказваю за візавыя абмежаванні. Мы можам увесці візавыя санкцыі для людзей, звязаных з рэжымам Лукашэнкі«, – кажа еўракамісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан.

Еўрапейскія палітыкі заяўляюць, што афіцыйны Менск выкарыстоўвае мігрантаў з краінаў Азіі ды Афрыкі як гібрыдную агрэсію супраць краінаў-суседак – чальцоў Еўразвязу.

Каця Малей, «Белсат»