Лукашэнка патрабуе ад Чыжа вярнуць грошы


Калісьці даў ільготы і зялёнае святло на ўсе праекты, цяпер – патрабуе вярнуць. Лукашэнка падпісаў змены ў свой стары ўказ: яны абавязваюць кампанію «Трайпл» вярнуць у бюджэт суму льготаў і прэферэнцыяў, якія Чыж атрымаў ад дзяржавы шмат гадоў таму.

Анатоль Лябедзька, палітык:

«Гэта тое, што апошнім часам мае шырокі распаўсюд. Бізнесу, з якім нешта не так, кажуць: окей, вы можаце быць вольнымі, свабоднымі, але за гэтую волю, свабоду, вы мусіце заплаціць. Вось што мы і назіраем са спадаром Чыжом».

За што ж мае расплаціцца Чыж? Кампанія «Трайпл» без аўкцыёну атрымала зямельныя надзелы ды не плаціла кампенсацыю за перасяленне людзей пры новым будаўніцтве. Журналіст Аляксандр Ярашэвіч зазначае – грашовыя страты будуць балючымі:

«Калі паглядзець на апошнія аўкцыёны, на якіх нашыя забудоўшчыкі куплялі права будаўніцтва і праектавання, то там кошты былі рознымі, гэта некалькі мільёнаў долараў, і нават да 10 мільёнаў долараў даходзіла».

Літаральна ў ліпені Эканамічны суд Менску прызнаў кампанію Юрыя Чыжа неплацежаздольнай ды прыняў рашэнне аб яе санацыі. На практыцы ж бізнесовец пачаў пазбаўляцца ад сваіх актываў яшчэ перад арыштам у 2016 годзе. Справы ў кампаніі выглядалі настолькі няпэўна, што банкі пачалі пазбаўляцца ад перададзеных у лізінг гіпермаркетаў «Прастор».

Аляксандр Ярашэвіч, журналіст:

«Два буйныя будаўнічыя прадпрыемствы таксама знаходзяцца ў рэжыме санацыі. Гэта актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Берасцейскай вобласці, у Маларыцкім і Бярозаўскім раёнах».

Асабісты гаманец Лукашэнкі, як часам называюць Юрыя Чыжа ў медыях, трапіў у няміласць пяць гадоў таму. У сакавіку 2016 года КДБ затрымаў бізнесоўца. Са словаў тагачаснага кіраўніка сілавога ведамства Валерыя Вакульчыка, Чыж, даведаўшыся пра крымінальную справу, датычную нясплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, на вялікай хуткасці ехаў у бок літоўскае мяжы.

Праз паўтара года Чыж выйшаў на свабоду, прызнаўшы віну і пакрыўшы страты, а праз некаторы час быў заўважаны падчас збору ўраджаю на падворку Лукашэнкі.

Анатоль Лябедзька, палітык:

«Многія ж лічаць для сябе важным трапіць у кадр. Калі вы трапілі ў нейкі кадр, на нейкай фотакартцы вас паказалі, гэта трапіла ў «Советскую Белоруссию» ці вы прайшлі на БТ, то ў вас ёсць нейкія прэферэнцыі. Але гэта не працуе».

Інфармацыя пра чарговы арышт Юрыя Чыжа з’явіліся сёлета ў сакавіку – бізнесоўца затрымалі па вяртанні з Масквы. Справа нібыта звязаная з папярэднім пераследам мільянера – нясплата падаткаў.

Дык няўжо тут, як той кажа, проста бізнес і нічога асабістага?

Віталь Бабін, «Белсат»