Алігарх Лукашэнкі пацярпеў ад санкцыяў


Нежынскі горна-абагачальны камбінат у Любанскім раёне дакладна не запрацуе ў раней запланаваны час. Кітай замарозіў другую палову крэдыту на будаўніцтва аб’екту, які ўзводзіць расейскі алігарх і фігурант санкцыйнага спісу Міхаіл Гуцэрыеў. Пекінскія таварышы давалі грошы пад гарантыю беларускага ўраду. Будаўнікі і падрадчыкі пакідаюць абʼект.

Толькі бізнес. Кітай, які Лукашэнка залічваў у шэраг сваіх саюзнікаў, ясна акрэсліў свой падыход. Паводле крыніцаў «Белсату», Пекін замарозіў выдачу апошняй траціны крэдыту на будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбінату. Грошы на праект Кітай даваў пад гарантыі беларускай дзяржавы.

Мікалай Халезін, дырэктар CREATIVE POLITICS HUB у ліку асобаў, якія сочаць за сумнеўнымі крокамі вертыкалі.

«Калі Лукашэнка перадаў гэтыя грошы Гуцарыеву, узнік цэлы шэраг пытанняў. Калі гэта перадавалася без тэндару проста з рук у рукі і сталі фігураваць там падораныя верталёты, Майбахі і іншае, то стала зразумела, што гэта сітуацыя хутчэй пра карупцыю, чым пра падтрымку дзяржавы», – кажа Халезін.

Расейскі бізнесовец Міхаіл Гуцарыеў з 2000-га года ўзначальвае расейска-беларускую кампанію «Славнефть». Менавіта праз яе асвойваліся сродкі на будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбінату. Ад Паднябеснай у Беларусь паступіла амаль паўтара мільярду долараў, 820 мільёнаў ужо пералічаныя і 580 мільёнаў, падобна, могуць застацца на рахунках кітайскіх банкаў. Акрамя карупцыйнага чынніку ў праекце ёсць санкцыйны. Так склалася, што пад санкцыі трапілі шматлікія звязаныя з праектам субʼекты.

«Гэта Міхаіл Гуцарыеў, які прадстаўляў «Славкалій», «Беларусьбанк», які зʼяўляўся асноўным банкам па гэтым праекце і Аляксандр Лукашэнка разам са сваёй сямʼёй. То бок атрымалася, што ўся гэтая лінейка зрабілася таксічнаю. Кітай не працуе з таксічнымі рэжымамі».

Нежынскі камбінат «Славкалію» планавалі ўвесці ў эксплуатацыю ў 2022 годзе. Для Гуцэрыева гэта ўсяго толькі фіяска ў планаваным здабыванні калію з беларускай зямлі. Рэальная ж шкода – для беларускага боку, кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук:

«Гэта галаўны боль Беларусі, дзяржаўнага бюджэту, Міністэрства фінансаў і падаткаплатнікаў, таму што менавіта яны гарантавалі вяртанне крэдыту, які далі кітайцы. Гэта менавіта тыя грошы, тыя страты, якія пойдуць у кошт наступстваў санкцыяў». Таму што нават «Беларуськалій не можа нічога прадаваць, а тут прадпрыемства яшчэ не скончылася».

Спікеры «Белсату» сышліся ў меркаваннях, што праект ужо не будзе скончаны. На думку Яраслава Раманчука, Лукашэнка будзе вымушаны прадаць яго ў Расею за значна меншыя грошы, чым тыя, што ў яго ўкладзеныя. Усё гэта бачаць аўтары ды суаўтары санкцыяў.

Мантас Адаменас, віцэ-міністр замежных справаў Літвы, канстатаваў:

«Санкцыі сапраўды працуюць. Мы бачым усё больш адчайныя дзеянні рэжыму і ведаем, што на яго ціснуць ужо дзейныя няпоўныя санкцыі ў дачыненні да калійнай галіны. Калі гаворка ідзе пра санкцыі супраць »Беларуськалію«… рэгламент Рады Еўразвязу не дазваляе спыніць дзеянне раней падпісаных кантрактаў. Гэтае пытанне неабходна вырашыць, прымаючы наступны пакет санкцыяў».

У чацвер Еўрапарламент пачаў працу над пятым пакетам санкцыяў супраць беларускага рэжыму.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах пералічвае кандыдатаў на месцы ў гэтым пакеце:

«Усё лета збіраліся імёны і прозвішчы вінаватых у нелегальнай міграцыі, у захопе самалёту. Абмяркоўвалі таксама ўключэнне алімпійскіх чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі спробу захопу Ціманоўскай. Туды таксама могуць трапіць найбліжэйшыя людзі з атачэння Лукашэнкі. Плюс размова пра чарговых сілавікоў і гаманцоў рэжыму».

Другая галіна дыскусіі – блакаванне каналаў абыходжання санкцыяў. Сярод якіх перапісванне маёмасці на сваякоў і стварэнне кампаніяў-пракладак у экспартнай сетцы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»