BYPOL шукае вінаватых у катаваннях


Ні шпацыраў, ні матрацаў, ні пасцельнае бялізны, ні лістоў ды перадачаў. Ініцыятыва былых сілавікоў «BYPOL» апублікавала новае расследаванне, у якім распавядаецца, хто адказны за ўмовы ўтрымання, створаныя ў шаснаццаці ізалятарах для арыштаваных паводле так званых «палітычных артыкулаў».

«Увогуле не павінна быць матрацаў! Ні днём, ні ноччу. То бок яны павінны на голых нарах быць, як ва ўмовах штрафнога ізалятару» – гучыць у тэлефоннай размове.

Паводле «BYPOL», злачынныя загады, якія можна параўнаць з патрабаваннем катаваць зняволеных, у апублікаванай тэлефоннай размове аддае Сяргей Нікель, начальнік Упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці. А падначаленыя даюць справаздачы пра выкананне такіх загадаў:

«Яны трымаліся ў нас першапачаткова з асобамі без пэўнага месца жыхарства, каб, скажам так, смярдзелі і ўсё астатняе такое было. Але так, як было ў алгарытме напісана – маламеркі, то прызначылі аднамесныя, двухмесныя, каб яны былі каля выхаду, каля туалету, адназначна, і на другім паверсе, бо першы паверх нібыта прывілей, таму на другі паверх, каб яшчэ горш было».

Пры гэтым менавіта Упраўленне наглядна-выканаўчай дзейнасці, УНВД, ці ў расейскамоўным скароце – УНИД, мае наглядаць за ўмовамі ўтрымання зняволеных.

«У 2020 і 2021 гадах менавіта УНВД МУС займаўся правядзеннем камандна-штабных вучэнняў і падрыхтоўкай працаўнікоў ізалятараў. І менавіта пад патранажам УНВД МУС усіх затрыманых у Беларусі падвяргалі катаванням, збівалі, марылі голадам, утрымлівалі ў нечалавечых умовах», – кажа ў фільме суаўтар расследавання Мацвей Купрэйчык.

Алгарытм утрымання «палітычных» распрацаваў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, падкрэслівае «BYPOL».

«У нашай краіне гэтыя злачынствы супраць чалавечнасці мала таго што арганізаваныя і ўзаконеныя МУС, і асабіста міністрам МУС, дык яшчэ і патрануюцца Саветам бяспекі Рэспублікі Беларусь і асабіста начальнікам Каардынацыйна-інспектарскага ўпраўлення сакратарыяту Савету бяспекі генерал-маёрам запасу КДБ Назаранкам Аляксандрам Яўгенавічам», – кажа Мацвей Купрэйчык.

Тое, што робіць кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў – гэта асабліва цяжкое злачынства, злачынства супраць чалавецтва, падкрэслівае прадстаўнік «Бай-Пол» Алег Талерчык. Такая ж віна і ў падначаленых, што выконваюць злачынныя загады.

«Напэўна, ніхто не думаў з іх, што такія ўказы яшчэ і праслухоўваюцца ды яшчэ і МУСам. Яны самі сабралі доказы супраць сябе, цяпер застаецца дачакацца таго часу, калі Беларусь стане вольнай, а гэта будзе хутка, і таму ўсе, хто выконваў гэтыя загады, і самі аўтары панясуць крымінальную адказнасць», – кажа Алег Талерчык.

Злачынствы супраць чалавецтва не маюць тэрміну даўніны і вінаватыя асобы пераследуюцца незалежна ад месца жыхарства.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»