Год таму студэнты выйшлі на пратэсты


За ўдзел у адным са студэнцкіх пратэстаў другакурсніцу Таццяну адлічылі з Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту. Перад тым за выказванне меркавання суд пакараў дзяўчыну пятнаццаццю базавымі штрафу. Гэта адбылося летась у кастрычніку. Цяпер Таццяна ў вымушанай эміграцыі – пераехала ў Варшаву і тут збіраецца атрымліваць вышэйшую адукацыю. Дзяўчына ўзгадвае пачатак студэнцкіх пратэстаў год таму ў Беларусі:

«Калі нам на ганку зачыняла дзверы адміністрацыя ўніверсітэту і не давала прайсці ва ўніверсітэт, каб схавацца ад амапаўцаў, гэта таксама было проста шокавымі абставінамі».

Пратэсты ў студэнцкім асяроддзі былі й да мінулага лета: лакальныя і скіраваныя супраць размеркавання, платнага адпрацоўвання заняткаў і прызыву ў войска. Але самыя буйныя і маштабныя хваляванні студэнтаў адбыліся менавіта пасля фальсіфікацыі выбараў летась дзявятага жніўня. Студэнтаў затрымлівалі падчас усіх акцыяў.

«Калі ўжо пачаўся навучальны год, было такое адчуванне адрэналіну, натхнення, але і небяспекі, бо вельмі шмат было прыкладаў, калі затрымлівалі людзей каля ўніверсітэтаў, гэта таксама было напружана і страшна, разыходзіцца пасля акцыяў», – узгадвае былая студэнтка МДЛУ Таццяна.

Пасля першых адлічэнняў студэнтаў з палітычных прычынаў пратэсты ва ўніверсітэтах разгарэліся з большаю сілай – на знак салідарнасці з адлічанымі. Пратэсты перанесліся з вуліцы ва ўніверсітэцкія калідоры – студэнты ладзілі акцыі ў аўдыторыях, збіраліся й спявалі на калідорах, прыходзілі да адміністрацыі.

«Мы патрабавалі ад рэктара нейкіх каментароў, нейкіх прынцыповых дзеянняў, ужо тады былі рэпрэсаваныя студэнты, адлічаныя за тое, што прапускалі заняткі, пакуль адбывалі содні. Мы патрабавалі ад яго адказаў, чаму людзей адлічваюць», – на ўмовах ананімнасці тлумачыць былы студэнт медычнай ВНУ.

Адміністрацыя ВНУ не стала на бок студэнтаў і нават не пайшла на размову. Затое студэнтаў падтрымалі асобныя выкладчыкі. Сярод іх была дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталля Дуліна. Яна хадзіла на акцыі, далучылася да страйку, за што была пакараная арыштам на 14 содняў і звольненая з універсітэту.

«Мы выпусцілі відэазварот у падтрыманне студэнтаў, выказалі абурэнне тым, што адбылося, і ў цэлым казалі пра сітуацыю ў краіне і патрабавалі спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў», – узгадвае Наталля Дуліна.

І студэнты, і выкладчыкі сведчаць, што самых актыўных выклікалі на размову спачатку да адміністрацыі навучальных установаў, а пасля ў РАУСы. І там, і там на пратэстоўцаў ціснулі, у тым ліку запужвалі. Выключэнне або звальненне – гэта яшчэ не самае страшнае. Бо 12 чалавек: дзевяць студэнтаў розных ВНУ, выпускніца БДМУ і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава – сталі фігурантамі крымінальнае справы. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні масавых беспарадкаў і пакаралі рэальнымі тэрмінамі ад двух да двух з паловаю гадоў калоніі.

«Было зразумела, што ніхто не змяніў сваіх поглядаў, але, тым не менш, усё звялося на нішто. Кожны застаўся са сваім меркаваннем, са сваёй галавой, са сваім разуменнем, што адбываецца, але ўжо не было ні магчымасці, ні сіл, ні смеласці, каб у адкрытую пра гэта казаць», – кажа Наталля Дуліна.

На думку Наталлі Дулінай, універсітэт – гэта маленькая мадэль дзяржавы. Маўляў, самае галоўнае і каштоўнае, што яднала леташнія пратэсты, у тым ліку і студэнцкія – гэта людская салідарнасць і падтрыманне. Як мы бачым, гэтая якасць у беларускім грамадстве прачнулася і не згасае дагэтуль.

Ірына Карніенка, «Белсат»