5 ракетаў у аэрапорт Кабулу – помста ад «Ісламскай дзяржавы»


Гэта ўсё, што засталося ад аўтамабіля, з якога раніцай у бок аэрапорту Кабулу выпусцілі адразу 5 ракетаў. У Белым доме заявілі, што Джо Байдэн ведаў пра рыхтаванне нападу і даручыў узмацніць абарону аэрапорту. Усе ракеты перахопленыя, пацярпелых няма.

«Мы былі ўдома, калі пачуліся выбухі. Я выглянуў за браму і ўбачыў, як з машыны ў бок аэрапорту запускаюцца ракеты. Гэта было жудасна. Было вельмі гучна, і я не зразумеў, колькі менавіта было ракетаў, шэсць ці сем» – успамінае жыхар Кабулу Гарзай.

Адказнасць за абстрэл узялі на сябе баевікі «Ісламскай дзяржавы». Эксперты сцвярджаюць: гэта быў адказ на ўчарашнюю контртэрарыстычную аперацыю амерыканцаў, падчас якой загінулі 12 асобаў – у тым ліку сямёра дзяцей. Гэта выклікала бурную рэакцыю не толькі баевікоў, але і простых афганцаў.

«Яны нанеслі авіяўдар па Джалал-Абадзе, а ўчора яны зрабілі тое самае ў Кабуле і нават пацвердзілі гэта. Сказалі, што атакавалі «Ісламскую дзяржаву». Але ў іх няма ліцэнзіі на адвольныя атакі ў Афганістане» – падзяліўся жыхар Кабулу Бурхан Нэзамі.

На фоне актывізацыі «Ісламскай дзяржавы» ўсё больш палітыкаў кажуць пра неабходнасць дыялогу з «Талібанам» – іншай тэрарыстычнай арганізацыяй, якая захапіла ўладу ў Афганістане. Эманюэль Макрон заявіў, што дыялог з «Талібанам» неабходны, каб эвакуяваць усіх французаў і грамадзянаў іншых краінаў з Афганістану. Аднак ён адзначыў, што пачатак дыялогу не азначае прызнання ўлады талібаў. Яшчэ раней пра гатоўнасць весці дыялог з радыкаламі выказаліся Злучаныя Штаты.

«Вядома, крыўдна, калі сусветная дзяржава, можна сказаць гегемон, якая валодае неверагоднымі сілавымі, фінансавымі і эканамічнымі рэсурсамі, аказваецца вось у такім жаласным стане, калі яна ўпрошвае гэтых, так бы мовіць, тэрарыстаў і радыкалаў пачакаць уваходзіць у Кабул, пакуль не выйдуць усе войскі. Гэта значыць, раней амерыканцы не маглі сабе ўявіць такога развіцця такога кшталту падзеяў» – кажа палітолаг, эксперт у справе Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў.

У Расеі «Талібан» таксама прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй. Яе дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая законам. Аднак гэта не перашкаджала расейскаму ўраду весці перамовы з «Талібанам» яшчэ за некалькі гадоў да пачатку вываду амерыканскіх войскаў з Афганістану.

«Палітыка Расеі вядзецца досыць цынічна, двухсэнсоўна і, з пункту гледжання расейскіх інтарэсаў, вельмі паслядоўна. Тое, што выгадна для Расеі, для яе кіраўніцтва, не можа быць не рэалізавана, нават калі гэта супярэчыць яе ўнутраным устаноўкам. Такая палітыка Расеі» – сцвярджае палітолаг, эксперт у справе Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў.

Аб ваенным умяшанні Расеі ў афганскі канфлікт гаворкі пакуль не ідзе. Таксама ў Афганістан не збіраюцца адпраўляць і беларускіх салдат – пра гэта заявіў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка па пытанні Афганістана сёння правёў адразу некалькі тэлефонных размоў з прэзідэнтамі Расеі, Узбекістана і Таджыкістана, а таксама сустрэўся з таджыкскім паслом і абмеркаваў ахову таджыкскай мяжы.

«1400, па-мойму, кіламетраў мяжа. Мяжу трэба ўмацоўваць. Мяжа складаная – яна і ў савецкія часы была складанай, а цяпер тым больш. Усё гэта лягло на плечы таджыкскага народу, Таджыкістану. Зразумела, людзей, каб абараніць мяжу, у вас дастаткова. Патрэбныя сучасныя сродкі ўзбраення» – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне таго, што адбываецца ў Афганістане, і абарону сваіх межаў краіны – удзельніцы АДКБ абмяркуюць у бліжэйшыя дні.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»