Беларусь і Расея зноў амаль узгаднілі дарожныя мапы інтэграцыі. На гэты раз атрымаецца?


27 з 28-мі шматпакутных дарожных інтэграцыйных мапаў Беларусі і Расеі ўзгодненыя. Ужо каторы раз. І зноў беларускі бок вуснамі пасла ў Расеі Уладзіміра Сямашкі абяцае вось-вось узгадніць апошнюю. Да 9-га верасня, калі Лукашэнка чацвёрты раз сёлета паляціць да Уладзіміра Пуціна.

А на наступны дзень – ужо ў Менску – прэмʼеры дзвюх краінаў абяцаюць падпісаць адпаведныя дакументы. Беларусы пра гэта даведаліся з расейскіх СМІ як пра ўжо прынятую пастанову. Што дакладна ў дакументах – пэўна гэтак і невядома.

«З абодвух бакоў чыноўнікі сцвярджаюць, што цяпер размова вядзецца выключна пра эканоміку.Я думаю, што вырашана задачу палітычнага падпарадкавання Беларусі вырашаць на наступным этапе, магчыма ўжо без Лукашэнкі. А зараз спяшаюцца, пакуль ён пры ўладзе і пакуль ён такой цяжкай сітуацыі, таму што і з Захадам цяжкія адносіны і ўнутрыпалітычны крызіс не вырашана, вось яго ўсё ж такі даціснуць і выкруціць рукі», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Дамову стварыць тое, што цяпер называюць Саюзнаю дзяржаваю, падпісалі ў 1999-ым годзе Лукашэнка і Барыс Ельцын. Угода прадугледжвае ўніфікацыю галінаў улады і іншых дзяржаўных сістэмаў. Да прыкладу, стварэнне адзінага мытнага і падатковага органаў.

«Лукашэнка раней ахвотна ішоў на глыбокую інтэграцыю з Расеяй, таму што, як кажуць злыя языкі, вельмі хацеў заняць крэсла слабеючага Барыса Ельцына. Быў падпісаны гэты вялікі саюзны дагавор 1999 года. Але калі прыйшоў Пуцін і Лукашэнка зразумеў, што Крэмль яму не свеціць, то ён пачаў сабатаваць некаторыя дамоўленасці: з нагоды адзінай валюты, канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы», – прыгадвае Аляксандр Класкоўскі.

Аналітыка
Што з дарожнымі мапамі? Тлумачым, на якой стадыі цяпер інтэграцыйныя перамовы
2021.08.20 08:10

Размовы пра паглыбленую інтэграцыю дзвюх дзяржаваў з новаю сілаю загучалі ў канцы 2018-га года. Тагачасны расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў паставіў простую ўмову: далейшая інтэграцыя або прыпыненне фінансавага падтрымання Менску ў ранейшых памерах. Рыхтавалі ўвесь інтэграцыйны пакет – тады была трыццаць адна мапа – у атмасферы таемнасці. Гэта выклікала ў Менску акцыі пратэсту дзеля абароны суверэнітэту. Дакументаў так і не падпісалі.

«Лукашэнка гандляр усяго. Ён гандлюе палітычнымі зняволенымі, геапалітычным становішчам рэспублікі. Ён усюды прадаецца, у любы бок. Гэтакая прастытуцыя. У яго толькі адна задача – захаваць уладу ў сваіх руках», – кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Hавiны
Беларусь атрымае нейкую кампенсацыю за расейскі падатковы манеўр. Якую – пакуль сакрэт
2021.08.31 21:43

Пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў і хвалі дзяржаўнага тэрору перамовы аднавіліся. А самых мапаў паменела – стала 28. Гучалі і канкрэтныя тэрміны падпісання інтэграцыйных дакументаў: спачатку называлі красавік – травень гэтага года, затым Сямашка назваў апошнім тэрмінам 1-га студзеня 2022-га, і вось цяпер – 9-га – 10-га верасня 2021-га.

«Мы лічым, што Лукашэнка не легітымны і не зʼяўляецца законным кіраўніком дзяржавы. Ён не мае права нічога падпісваць. Любыя здзелкі, якія ён заключае з Пуціным або з кім-небудзь яшчэ не маюць ніякай законнай сілы. Мы аб гэтым нагадваем і Лукашэнка, і міжнароднай супольнасці і Крамлю. Няма сэнсу нічога падпісваць з Лукашэнкам – гэтыя дамовы будуць перагледжаныя ў першую чаргу новым урадам пасля новых свабодных выбараў», – кажа Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

І хоць пакету інтэграцыйных дакументаў яшчэ не падпісалі, беларускі бок ужо заяўляе пра жаданыя фінансавыя выгады: роўныя цэны на газ з расейскімі рэгіёнамі ды атрыманне кампенсацыі ад расейскага падатковага манеўру.

Алесь Баразенка, «Белсат»