НАУ прыспешыць трыбунал для Лукашэнкі


Каб распачаць міжнародны трыбунал над Аляксандрам Лукашэнкам і прыцягнуць да адказнасці ўсіх здзяйсняльнікаў рэпрэсій, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне зладзіць прававую канферэнцыю ў Нюрнбэрзе.

Доказаў ґвалту больш як дастаткова, але беларускія следчыя органы цалкам іх праігнаравалі. Застаецца звяртацца ў міжнародныя інстанцыі – ААН і АБСЕ.

«Калі ўлучыць Лукашэнку ў спіс тэрарыстаў, яму заблакуюць усе рахункі, нельга будзе атрымліваць фінансавай дапамогі. Калі тых, хто ў Беларусі гвалтаваў людзей, абвесцяць у міжнародны вышук – Інтэрпол, яны ўжо не будуць адчуваць сябе ў Беларусі гэтак прывольна», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Следчы камітэт за год так і не завёў ніводнай крымінальнай справы за ґвалт над мірным насельніцтвам, затое пачаў сотні палітычна матываваных справаў супраць самых пратэстоўцаў. Згодна з дакладам АБСЕ, давяраць беларускай юрыдычнай сістэме расследаванне гэтых справаў ужо і нельга – праз яе моцнае падзенне. І гэта таксама падстава для стварэння міжнароднага трыбуналу.

Але пакуль словы засталіся словамі. НАУ паспрабуе паспрыяць таму, каб міжнароднае права ўсё ж такі запрацавала.

Ірына Карніенка, «Белсат»