Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў затрымалі музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath»


Падобна, яны святкавалі на лецішчы дзень народзінаў вакалісткі. Прычыны затрымання невядомыя.

Узброеныя байцы без апазнавальных знакаў затрымалі музыкаў фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath». Менскі раён, Беларусь. 2 жніўня 2021 года. Скрыншот: МВД Беларуси / Youtube

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў 3 жніўня аб затрыманні напярэдадні прынамсі шасці чалавек, сярод якіх былыя і дзейныя ўдзельнікі менскага музычнага гурта «Irdorath».

Абноўлена: Прадстаўнік ГУБАЗіКу заявіў, што гурт затрымалі за тое, што дудары «неаднаразова ўзначальвалі калону пратэстоўцаў» у 2020 годзе, «з выкарыстаннем духавых інструментаў уцягвала ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мінакоў», а музыка «ўзмацняла пратэставыя настроі ўдзельнікаў шэсця і штурхала іх да проціпраўных дзеянняў адносна міліцыянтаў». На відэа МУС бачна, што супраць музыкаў выслалі байцоў з аўтаматамі і драбавікамі. Затрымалі 16 чалавек.

У ліку затрыманых – лідары гурта Уладзімір Калач і Надзея Калач, а таксама Антон Шнып, Пётр Марчанка, Павел Шмыга, Юлія Юніцкая і Аляксандр Станкевіч. Яны, верагодна, сабраліся на лецішчы святкаваць дзень народзінаў вакалісткі гурта – Надзеі Калач.

Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, затрыманых збіраюцца абвінаваціць у «Непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі» за тое, што яны не адчынілі сілавікам вароты. Паводле адпаведнага арт. 24.3 КаАП РБ могуць пакараць штрафам ад 58 да 2900 рублёў, грамадскімі працамі ці адміністратыўным арыштам.

Затрыманых адвезлі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі, справы маюць разглядаць 3 жніўня ў Менскім раённым судзе.

«Irdorath» з 2011 года грае музыку, падобную ў стылі да фолку, але з элементамі фэнтэзі, выкарыстоўвае яскравыя фэнтэзі-касцюмы і нярэдка ладзіць канцэрты-перфомансы з неонавым і вогненным шоу.

Песню «Быў. Ёсць. Буду» назвалі ў 2016-м «Песняй года» на партале Tuzinfm.by. Выдалі тры студыйныя альбомы, апошні на сёння – «Wild» 2017 года.

Гурт актыўна гастраляваў да пандэміі каронавіруса, у 2017 годзе выступаў на найбуйнейшым метал-фэсце Еўропы «Wacken», што ладзілі на поўначы Нямеччыны.

Удзельнікі гурта гралі на маршах пратэсту ў 2020 годзе, у тым ліку выконвалі песню «Перемен» на дудах і бубнах. За ўдзел у дваровых канцэртах салідарнасці музыкаў у канцы 2020-га звольнілі з працы ў цэнтры для дзяцей і моладзі «Вікторыя», пазбавілі пляцоўкі для рэпетыцыяў.

Hавiны
Кліп «Баю-бай» берасцейскіх панкаў «Дай дарогу!» сабраліся прызнаць «экстрэмісцкім»
2021.08.03 13:12

АА belsat.eu

Стужка навінаў