Пяць гадоў калоніі за паведамленне ў чаце, 4000 рублёў за напужаны АМАП. Суды і затрыманні 3 верасня

У Беларусі практычна штодзень адбываюцца палітычныя суды і затрыманні. Пераказваем нядаўнія.

Пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «заклік да беспарадкаў»

У Ваўкавыску інжынеру пагражае да 15 гадоў зняволення за паведамленне ў Telegram-чаце

У судзе Ваўкавыскага раёну 2 верасня агучылі вырак інжынеру Андрэю Крылову. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён «арганізоўваў масавыя беспарадкі» праз паведамленне ў Telegram-чаце «Банда Лукі». Паводле ч.1 арт. 293 суддзя Мікалай Талашка асудзіў яго на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Крылоў не прызнаў віну і патрабаваў новую экспертызу паведамлення, а таксама пытаў, як мог выслаць паведамленне, калі ў час адпраўкі паведамлення блакавалі доступ у інтэрнэт.

Яго вінавацілі сярод іншага ў тым, што ён выслаў паведамленне ў стане алкагольнага ап’янення, а ён на судзе казаў, што не пітушчы. Таксама ён заявіў, што не мае матываў палітычнай варожасці, «ніколі не ставіўся апазіцыйна ні да якога-небудзь сацыяльнага руху, масавых мерапрыемстваў не праводзіў».

Web-дызайнерку затрымалі дома, асудзілі на 15 содняў за «непадпарадкаванне»

Суддзя Вікторыя Шабуня. Фота: naviny.by

Канал праваабаронцаў «Вясна назірае» расказаў пра суд над жыхаркай Менску Анастасіяй Рокач. Суддзя Вікторыя Шабуня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 3 верасня асудзіла яе на 15 дзён арышту за «Непадпарадкаванне» (арт. 24.3 КаАП РБ).

Жанчыну затрымалі 1 верасня ўдома, калі яна працавала там разам з мужам. У іх правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку. Анастасію дапытваў ГУБАЗіК, потым яе павезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе яна нібыта «не падпарадкоўвалася» (яна гэта адмаўляе).

Паводле «сведкі»-міліцыянта, ператрус ладзілі паводле падазрэння ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. У рапарце ён нічога не пазначыў пра «непадпарадкаванне», за якое судзілі жанчыну. Ён патлумачыў гэта тым, што «пісаў у рапарце тое, што лічыў патрэбным».

Назіральнікі «Вясны» адзначаюць, што муж падсуднай – Ілля Рокач, былы следчы Цэнтральнага раёну, які расследаваў эканамічныя і карупцыйныя справы, а летась быў аштрафаваны на 810 рублёў за бел-чырвона-белы сцяг на балконе.

Затрымалі дыджэя Папу Бо і двух супрацоўнікаў «Корпусу»

15 содняў за «экстрэмісцкія матэрыялы

Telegram-канал «Полацк / Наваполацк LIVE» расказаў пра суд над дацэнтам ПДУ Віктарам Якубавым. Яго затрымалі раніцай 3 верасня, прызналі вінаватым у распаўсюдзе матэрыялаў, уключаных у спіс экстрэмісцкіх (ч.2 арт.19.11 КаАП РБ) і асудзілі на 15 дзён арышту. Летась Якубава двойчы арыштоўвалі на 15 дзён за «несанкцыянаваную акцыю».

«Вясна назірае» расказвае пра такі самы прысуд 35-гадоваму настаўніку музычнага каледжу імя Глінкі Аляксандру Цярэшчанку. Яго затрымалі не пазней за 1 верасня, байцы ГУБАЗіК запісалі з ім «пакаяльнае відэа». Суд прайшоў таемна, яго не было ў раскладзе. Справу разглядала суддзя Шабуня.

Актывістку Алену Гнаўк асудзілі на «хатнюю хімію», затрымалі ў судзе і адпусцілі

АМАП просіць за стрэс ад звону шкла 4000 рублёў

Ілюстрацыйная выява. Затрыманні на пл. Свабоды. Дзяўчыну заводзяць у аўтазак. Менск, жаночы марш, 12 верасня. Фота: Belsat.eu

Суд Цэнтральнага раёну Менску 3 верасня пачаў разгляд крымінальнай справы супраць Аляксея Зайкоўскага, якога вінавацяць у «Пагрозе гвалтам супрацоўнікам органаў унутраных справаў» (арт. 364 КК РБ, які прадугледжвае пакаранне ад арышту да 6 гадоў пазбаўлення волі), піша «Вясна». Працэс вядзе суддзя Юлія Густыр.

Вечарам 12 кастрычніка 2020 года Зайкоўскі быў, як сцвярджалі на судзе, на праспекце Дзяржынскага ў стане алкагольнага ап’янення разам з нявызначанымі асобамі, «аказваў супраціўленне работнікам міліцыі, пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх».

Зайкоўскі сваёй віны не прызнаў і сказаў, што ў той вечар шпацыраваў без аніякай мэты, выпіў у адным бары 50 грамаў каньяку і пайшоў у іншы па піва, там пазнаёміўся з двума мужчынамі, якія сталі яго правакаваць кінуць келіх у аўтазак – казалі, «падораць кватэру». Ён кінуў келіх, трапіў у аўтазак, яго адразу затрымалі.

Чацвёра «пацярпелых» байцоў АМАП, якія ў той час былі ў аўтазаку і чулі гук біцця шкла. Адзін казаў, што перажыў стрэс і хваляваўся за здароўе падначаленых. Другі казаў, што перажываў, бо гук той быў гучны. Трэці і чацвёрты паўтарылі паказанні першых двух. Усе папрасілі па 1000 рублёў маральнай кампенсацыі.

На аўтазаку засталіся невялікія драпіны, дакументы аб пашкоджанне не афармлялі.

Сына святара судзяць за «шкоду нацыянальнай бяспецы» праз два каментары

Радыё «Свабода» расказала пра выступ эксперта на судзе над гарадзенцам Андрэем Аўсевічам – сынам святара, якому пагражае да 7 гадоў калоніі паводле аднаго крымінальнага артыкулу і да 3 гадоў паводле другога.

Яго вінавацяць у ты, што ў адным каментары ў інтэрнэце ён заклікаў да «дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы» (арт. 361 КК РБ), а ў другім каментары «абразіў прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ) – выкарыстаў слова «ущербный» адносна міліцыянта Максіма Чарткова.

Аўсевіч прызнаў віну толькі ў «абразе міліцыянта». Што да «заклікаў», судовая экспертка з 14-гадовым стажам іх не пабачыла: выявіла толькі проціпастаўленне міліцыянтаў іншым людзям і апісанне магчымай будучыні міліцыянтаў («будзеце боўтацца на слупах», «вас будуць вешаць»).

Суд працягнецца 8 верасня. Справу разглядае суддзя Гарадзенскага абласнога суду Мікалай Рачынскі.

Ва ўчастковага пачалася дэпрэсія, ён стаў кепска спаць. За гэта сыну святара пагражае турма

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны