«Сын плача па вечарах наўзрыд, а я тлумачу – тата не памёр, не кінуў нас, а з турмы ён вернецца»


Шматдзетныя сужэнцы Ігар і Юлія Лаптановічы з-пад Пружанаў – фігуранты «карагоднай» справы. Абодвух абвінавачваюць паводле ч.1 арт.342 КК РБ – арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ігар з 24 сакавіка – у СІЗА ў Берасці. Юлія чакае суда на волі. Цяпер утрыманне траіх дзяцей-школьнікаў цалкам на ёй – вясковай бібліятэкарцы. Юлія распавяла «Белсату», як жыве яе сям’я пасля арышту мужа.

«Да выклікаў у РАУС, Следчы камітэт ужо прызвычаілася»

Мы размаўляем з Юліяй Лаптановіч пасля таго, як яна вярнулася дамоў з чарговага выкліку ў РАУС. Жанчына кажа, што ўжо прызвычаілася хадзіць то ў РАУС, то ў Следчы камітэт, то ГУБАЗіК. Спакойнага жыцця ў нашай суразмоўцы няма ўжо на працягу некалькіх месяцаў.

Шматдзетныя сужэнцы Ігар і Юлія Лаптановічы. Ігар з 24 сакавіка – у СІЗА ў Берасці. Юлія чакае суда на волі.
Фота: сямейны архіў герояў

– Мяне тузаюць пастаянна. Як толькі недзе з’явіцца які фотаздымак, адразу да мяне – маўляў, я ведаю, хто гэта са сцягам сфатаграфаваўся, – кажа Юлія.

Гэтым разам выклікалі для прафілактычнай гутаркі – папярэджвалі, каб Юлія не хадзіла на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Пасля размовы жанчыну адпусцілі дамоў.

Падобным чынам 24 сакавіка абодвух сужэнцаў выклікалі ў Следчы камітэт у Пружаны. Дамоў тады Юлія вярнулася адна. Муж Ігар дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

– Я тады запыталася ў следчага адразу – ці браць нам з сабой рэчы, ён адказаў – не, – распавядае жанчына. – Але калі мы прыехалі, нам прад’явілі абвінавачванне паводле арт.342, пазнаёмілі з вынікамі фотаэкспертызы, у кабінет увайшлі людзі ў чорным – адвакатка сказала, што гэта канвой. Мне стала зразумела, што некага з нас закрыюць. Мужа забралі, а я з трыма дзецьмі засталася.

Пырскалі ў вочы з газавага балончыка, білі галавой аб асфальт

Паводле Юліі, дарогу ўладам яны з мужам перайшлі яшчэ на самым пачатку выбараў – калі сталі незалежнымі назіральнікамі ў сваёй роднай вёсцы Белавусаўшчына ў Пружанскім раёне. Сужэнцы адзначалі ўсе парушэнні падчас галасавання і накіроўвалі заявы ў РАУС.

Ігар Лаптановіч з дзецьмі. Ігар з 24 сакавіка – у СІЗА ў Берасці. Юлія чакае суда на волі.
Фота: сямейны архіў герояў

9 жніўня пасля закрыцця ўчасткаў Лаптановічы выйшлі на плошчу ў Пружанах (у пяці кіламетрах ад Белавусаўшчыны). Потым сталі выходзіць на мірныя сходы штодня, і былі аднымі з першых у Пружанскім раёне, каго аштрафавалі па «народным» артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд адбыўся напрыканцы жніўня, Ігар тады атрымаў папярэджанне, а Юлія – дзве базавых штрафу.

– Пасля суда нас папярэджвалі, каб больш не выходзілі, але мы працягнулі выказваць сваю пазіцыю, – кажа Юлія. – Хадзілі ў тым ліку да РАУСа, калі ў нас пачалі людзей затрымліваць, каб іх адстаяць.

А ўвосень адбыўся інцыдэнт з ДАІ. Паводле Юліі, супрацоўнік падышоў да яе, калі яна села ў машыну, але яшчэ не ехала, і запатрабаваў дакументы, казаў пра адсутнасць тэхагляду. Жанчына паспрабавала патлумачыць, што стаіць на месцы, нікуды не едзе, таму нічога не парушае. Ігар уступіўся за яе.

– Тады яго пачалі круціць, – узгадвае Юлія. – Спачатку пырскалі з газавага балончыка. У мужа былі моцныя апёкі слізістай вачэй, рта. Потым калі яго запіхвалі ў клетку ў міліцэйскай машыне, там яшчэ распылілі гэты балончык. Білі галавой аб асфальт. У выніку, калі пабачылі, што яму кепска, самі ж адвезлі ў лякарню. Там дыягназавалі чэрэпна-мазгавую траўму.

«Раніцай прыйшлі людзі ў чорным – дзеці перапужаліся»

Ігар выйшаў з лякарні з ковідам. Пасля выздараўлення і выхаду з ізаляцыі сужэнцы пайшлі ў РАУС, каб абмяняць пашпарты. А там Ігара затрымалі на дзесяць содняў за той самы эпізод з машынай, абвінаваціўшы ў супраціве законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Дзеці Лаптановічаў.
Фота: сямейны архіў герояў

Юлія з адвакатам пісалі скаргі на незаконнае затрыманне Ігара, прасілі, каб яму змянілі меру ўтрымання, бо ён – асноўны кармілец шматдзетнай сям’і, але мужчыну пакінулі ў СІЗА. Жонка атрымала ад яго пакуль толькі адзін ліст – 26 сакавіка.

– Ён трымаецца, прасіў мяне трымацца, бо цяпер усё на маіх плячах, і я мушу быць моцнай, – распавядае Юлія. – Напісаў: верым, можам, пераможам. Не ведаю, ці атрымаў ён мае лісты, сяброў. Я пісала яму, каб ён здаў штаны на склад, каб я магла на іншыя абмяняць. Але ён іх так і не здаў, таму прыходжу да высновы, што ліст мой ён хутчэй за ўсё не атрымаў.

Да Юліі, пакуль муж быў на соднях, завітаў ГУБАЗіК з Берасця.

– Дзеці тады перапужаліся – на іхных вачах а 7-й раніцы ў дом прыйшлі людзі ў чорным, забралі мяне, – прыгадвае жанчына.

Юліі нічога не патлумачылі, павезлі ў следчы камітэт. Там жанчына даведалася, што яна – падазраваная паводле арт. 342 – па «карагоднай» справе. Пасля апытання Юлію адпусцілі, а праз пару дзён такое ж абвінавачванне выставілі мужу. Дома ў сям’і пачаліся ператрусы. Па словах Юліі, спачатку вобшук праводзілі следчыя з Пружан, потым ГУБАЗіК. Забралі тэлефон, апісалі некаторыя рэчы з маёмасці.

Новыя ўмовы працы змушаюць шматдзетную маці звольніцца

Лаптановічы ажаніліся ў 2007 годзе, калі абодвум было па 19 гадоў. Неўзабаве на свет прыйшоў першы сын – яму цяпер 13. Потым нарадзілася дзяўчынка (цяпер 10 гадоў) і яшчэ хлопчык (9 гадоў). З вяселля сям’я Лаптановічаў жыве ў Белавусаўшчыне. Набылі там кватэру. Юлія думала пераехаць у горад, ці нават увогуле выехаць з Беларусі, калі пачаўся пераслед. Але муж быў супраць.

– Гэта родная вёска Ігара, ён вельмі яе любіць, не хоча ў горад, – кажа жонка вязня. – А пра эміграцыю казаў, нават ведаючы, што нам пагражае турма, што мы не парушаем законы, жывем сумленна, мы тут нарадзіліся, мы – грамадзяне гэтай краіны. Дык чаму мы павінны ўцякаць?

Шматдзетныя сужэнцы Ігар і Юлія Лаптановічы. Ігар з 24 сакавіка – у СІЗА ў Берасці. Юлія чакае суда на волі.
Фота: сямейны архіў герояў

Юлія працуе бібліятэкаркай. Заробак – мінімальны. А цяпер жанчыне мяняюць графік – раней працоўны дзень скончваўся а 18-й увечары, паводле новай дамовы будзе доўжыцца да 19-й гадзіны.

– Я спрабую патлумачыць, што мне гэта нязручна, бо ў мяне малыя дзеці, муж у СІЗА і няма каму больш за імі глядзець, гатаваць ежу, рабіць з імі ўрокі, але насустрач мне не ідуць. Магчыма, мне прыйдзецца звольніцца, – кажа Юлія.

«Дагэтуль веру ў перамогу»

Юлію Лаптановіч, як і шмат якіх іншых беларусаў, палітыка не цікавіла да лета 2020 года.

– Дом, побыт, дзеці – з дэкрэту ў дэкрэт, – кажа жанчына. – З большага мяне ўсё задавальняла, а ў 2020 годзе вочы адкрыліся. Надакучыла бязладдзе на працы, жабрацкія заробкі, стаўленне прэзідэнта да людзей – адсутнасць павагі, ягоныя выразы – людзі для яго як статак.

Гісторыі
«Начамі п’ю таблеткі ад ціску». Пенсіянерка марыць дачакацца сына, асуджанага за гвалт над амапаўцам
2021.04.10 08:42

Шматдзетная маці пайшла ў назіральнікі, бо захацела нешта змяніць, прынамсі, спрычыніцца да зменаў у сваёй краіне. Вельмі верыла ў перамогу, перамены. Пасля выбараў моцна перажывала гвалт, які захлынуў Беларусь.

– У мяне былі істэрыкі, я пастаянна плакала. Але спадзявалася, што гэта хутка скончыцца, асабліва калі былі забойствы, людзі пачалі масава выходзіць, – кажа жанчына. – Я думала, што ён здасца. Але…. Тым не менш я дагэтуль веру ў перамогу, толькі для гэтага нам трэба ўсім разам зноў выйсці, не баяцца.

«Пытаюцца – няўжо ня страшна цяпер было б падняць сцяг? Адказваю – не, ня страшна»

Адзіная апора для Юліі цяпер – ейныя бацькі. Яны дапамагаюць і грашыма, і з дзецьмі сядзяць, калі трэба. Аднавяскоўцы таксама ў асноўным падтрымліваюць, але, кажа наша суразмоўца, людзі ёсць розныя – некаторыя распускаюць плёткі, што іх з мужам ужо на пяць гадоў пасадзілі.

– Я не ведаю, што рабіць. У галаве поўны хаос, – кажа Юлія. – Я пастаянна ў напружанні. Учора ехала з паліклінікі – дзяцёнак захварэў, каля дома размінулася з міліцэйскім бобікам. Я зразумела, што да мяне прыязджалі. Сёння на працы мяне знайшлі – прывезлі позву. Гэта такі маральны ціск – маўляў, глядзі – мужа закрылі, і цябе можам, ты ж таксама па гэтым артыкуле праходзіш.

Найцяжэй для Юліі – супакоіць цяпер дзяцей, а таксама падрыхтаваць іх да таго, што можа быць яшчэ горш.

– Мы пра гэта размаўлялі з самага пачатку, тлумачылі, маральна рыхтавалі, – распавядае жанчына. – Старэйшы сын усё роўна вельмі цяжка перажыў затрыманне таты. У яго былі істэрыкі. Калі ўдзень яшчэ нармальна, увечары ён клаўся спаць, і ў яго пачыналася істэрыка, ён плакаў наўзрыд. Я тлумачу, кажу, так, тата ў турме, але ён не памёр, яго не забілі, ён жывы, не кінуў нас, і хутка будзе з намі. З турмы ён вернецца. Спрабую цяпер падрыхтаваць, што і мяне могуць забраць.

Гісторыі
«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»
2021.03.23 07:00

Сама Юлія стараецца трымацца, хоць захоўваць спакой і аптымізм – цяжка.

– Я думала, што я моцная, што больш гатовая да такіх падзей – затрыманняў, тэрмінаў, – кажа шматдзетная маці. – Я ведала, што гэтым можа скончыцца, але калі мужа затрымалі, я зразумела, што не да канца маральна гатовая. Я п’ю лекі, каб неяк трымацца.

Адначасова Юлія ні пра што не шкадуе.

– Мяне пытаюць знаёмыя, калі б вярнуць час назад, ты б так паступіла? Я кажу – так, я б выйшла, я б паўтарыла роўна гэты шлях. Пытаюцца – няўжо ня страшна было б цяпер падняць сцяг? Я кажу – не, ня страшна.

Дапамагчы дзецям Ігара і Юліі Лаптановічаў можна:

пераводам на картку Belarusbank: 5470 8740 4459 2036 да 01/24 LAPTANOVICH YULIYA

праз АРІП: Банкаўскія, фінансавыя паслугі – Банкі, НКФА – Беларусбанк – Папаўненне рахунка – BY23 AKBB 3014 0000 4387 6111 0000

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў