У Ваўкавыску інжынеру пагражае да 15 гадоў зняволення за паведамленне ў Telegram-чаце


Абвінавачаны сцвярджае, што нічога не пісаў і нават не карыстаўся інтэрнэтам у той дзень.

Як паведамляе праваабарончы партал spring96.org, судзе Ваўкавыскага раёну разглядаецца крымінальная справа паводле артыкулу за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у дачыненні інжынера Андрэя Крылова. Мужчыну судзяць за паведамленне ад 15 лістапада ў тэлеграм-чаце «Банда лукі», у якім ён нібыта заклікае да масавых беспарадкаў. Згодна з версіяй абвінавачання, гэты допіс Крылоў пакінуў прыкладна ў 10:10, «будучы ў стане алкагольнага ап’янення, у памяшканні дзяржаўнай установы адукацыі «Свіслацкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства» і ў іншых нявызначаных месцах на тэрыторыі гораду Свіслач».

Паведамленне, за якое судзяць інжынера Андрэя Крылова.
Фота: spring96.org

Мужчыну пагражае пакаранне ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Інжынер сваёй віны не прызнае. Падчас допыту Крылоў заявіў, што паведамленняў, якія яму інкрымінуюць, ён не пісаў, бо ён «асоба не публічная». На судзе абвінавачваны сказаў, што 15 лістапада ён не карыстаўся ніякімі мэсэнджарамі і нават інтэрнэтам. Суду ён таксама растлумачыў, што тэлеграм выкарыстоўваў толькі ў працоўных мэтах. 15 лістапада ў 10:10 у стане алкагольнага апʼянення ён не быў.

На судзе ў абвінавачванага спыталі, ці ўдзельнічаў ён калі-небудзь у масавых мерапрыемствах і ці размаўляе з кімсьці на палітычныя тэмы

«Не, я ніколі не прымаў [удзелу ў пратэстах]. У мяне няма ні сяброў, ні знаёмых ні па гэтай частцы, ні па нейкай іншай частцы. Я папрацаваў і іду дадому. У мяне сельская гаспадарка: коз мы трымаем, авечак. Карацей, вялікая гаспадарка, і няма часу падтрымліваць дачыненні.

Я нейтральны чалавек. І настолькі далёкі ад гэтых схемаў. Мяне гэта не цікавіць. Я ўбаку палітыкі. Я патрыёт сваёй краіны, у якой жыву», – расказаў абвінавачваны.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў