Выкананне судовага рашэння: Машковіч («Белэнерга») супраць Івашкевіча («Белсат ТВ»)


У адказ на шэраг нашых расследаванняў на тэму карупцыі ў «Белэнерга», у 2017 і 2018 гадах, на нас пасыпаліся позвы ў суды. Цяпер да нас даляцеў адгалосак тых справаў – патрабаванне абнародаваць абвяржэнне аднаго эпізоду, агучанага ў расследаванні.

У адной з нашых ранейшых праграмаў фігураваў тагачасны выканаўца абавязкаў кіраўніка «Белэнерга» Сяргей Машковіч. І адносна яго мы тады дапусцілі адну фактычную і адну фармалістычную памылку.

Кацярына Латушкіна, якая працавала ў «Белкацёлачыстцы», насамрэч не ягоная дачка. Апрача таго, мы назвалі карупцыяй тое, што пры Машковічу «Белкацёлачыстка» мела манаполію на шэраг работаў за шматкроць завышаныя кошты. Але, паводле беларускага заканадаўства, карупцыйнай зʼяву можна называць толькі ў выпадку, калі яе такой прызнаў суд.

Таму Машковіч падаў на нас у суд. Падчас працэсу мы пацвердзілі ўсе асноўныя факты расследавання, але суд абавязаў нас зняпраўдзіць тры фразы: пра Латушкіну і тыя, дзе было слова «карупцыя». Вось рашэнне суда і канкрэтныя цытаты, якія мы мусім абвергнуць:

  • Кацярына Латушкіна ёсць дачкою Машковіча
  • Прыватная расейская фірма звязаная карупцыйнымі сувязямі, у тым ліку з намеснікам генеральнага дырэктара «Белэнерга» Сяргеем Машковічам
  • Расследаванне вывела на намесніка генеральнага дырэктара «Белэнерга» Сяргея Машковіча.

Неўзабаве пасля гэтага рашэння Сяргей Машковіч быў асуджаны на 3 гады калоніі за невыкананне працоўных абавязкаў з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці.

Пазней на нас падала ў суд «Белкацёлачыстка». Згодна з рашэннем Эканамічнага суда Менску, мы мусілі зняпраўдзіць тры цытаты, у якіх фігуравала слова «карупцыя». «Белкацёлачыстка» патрабавала абвергнуць і 8 іншых цытатаў, якія апісвалі схемы з прыкметамі карупцыі ў «Белэнерга» па сутнасці, але суд ім адмовіў.

Суд таксама адмовіў гэтай кампаніі ў грашовай кампенсацыі ад «Белсату», якую яны патрабавалі за шкоду, нанесеную дзелавой рэпутацыі.Падрабязнасці гэтай справы і само расследаванне аб распілах у «Белэнерга» глядзіце ніжэй на відэа.

Belsat.eu