Алімпіяда адбудзецца з беларускімі ды расейскімі спартоўцамі?


Міжнародны паралімпійскі камітэт прыняў рашэнне дапусціць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да Паралімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы. Выступаць яны змогуць у якасці індывідуальных нейтральных атлетаў. Што датычыць звычайных спартоўцаў, то пакуль афіцыйнага дазволу МАК не агучыў. Гэта толькі справа часу? Ці ўсё ж на Алімпіядзе іх не будзе?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Парыж. 299 дзён да летніх Алімпійскіх гульняў. Сталіца Францыі рыхтуецца да наймаштабнейшых спартовых спаборніцтваў. Ці возьмуць у іх удзел атлеты з Беларусі?

«Гэта цэлы комплекс фактараў, які павінен уплываць на палітыку Міжнароднага алімпійскага камітэту, на крытэрыі іх тлумачэння», – кажа намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Міхаіл Залеўскі.

Летась у лютым Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў федэрацыям не дапускаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах – з прычыны вайны ва Украіне. А літаральна праз год, у сакавіку 2023-га, рэкамендацыі змяніліся на супрацьлеглыя. Гэта незалежнае рашэнне ці ўсё ж Расея магла неяк прастымуляваць функцыянераў МАКу?

«Расея набывае за вялікія грошы правы на тэлетрансляцыі алімпійскіх спаборніцтваў. З аднаго боку, палітыка інклюзіўнасці, нягледзячы ні на што, а з іншага боку – банальныя грашовыя рэчы, відовішчнасць і правы на тэлетрансляцыі», – паведаміў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Міжнародны алімпійскі камітэт напярэдадні ў Лазане сабраў форум атлетаў. Падчас дыскусіі жорсткая пазіцыя Украіны, якая выступала за поўны нядопуск беларусаў да Алімпійскіх гульняў, зазнала паразу.

«Галоўную скрыпку, чаму трэба дапускаць усіх, там гралі атлеты з афрыканскага кантыненту. Яны казалі, што ў нас тут таксама канфлікты, і калі ўсе гэтыя краіны адлучаць ад спорту, то і МАКу мала хто застанецца», – распавядае кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Адметна, што як Пуцін, гэтак і Лукашэнка сёлета актыўна наладжвалі камунікацыю з афрыканскімі лідарамі. Расея нават спісала краінам Афрыкі пазыкі на агульную суму больш як $ 23 млрд.

«Зразумела, што гэта быў такі фактычна пастановачны сюжэт, таму што, калі паглядзець, што робіць Расея і Беларусь у розных спартовых міжнародных арганізацыях, яны выкарыстоўваюць галасы краін з Афрыкі, Азіі, якія можна, фактычна, купіць», – адзначыў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

У гісторыі сусветных спартовых спаборніцтваў палітычныя дэмаршы не рэдкасць. Самыя вядомыя байкоты Алімпійскіх гульняў – у Маскве ў 1980 годзе з прычыны ўводу савецкіх войскаў у Афганістан. Таксама Алімпіяда-1984 у Лос-Анджэлесе – у адказ на байкот маскоўскіх Гульняў. Што будзе рабіць Міжнародны камітэт, калі пачнуцца шматлікія адмовы ад удзелу ў галоўным спартовым форуме чатырохгоддзя?

«Міжнародны алімпійскі камітэт паслядоўна рыхтаваў сябе да гэтага. Я не лічу, што палітыка байкоту эфектыўная. Для міжнароднай арганізацыі гэта прагуляная пазіцыя», – распавядае намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Міхаіл Залеўскі.

Калі прымуць станоўчае рашэнне аб допуску да Алімпіяды беларускіх спартоўцаў, то застанецца нявырашаным адно з галоўных пытанняў: паводле якога крытэру іх будуць адбіраць. Не сакрэт, што шмат хто з нашых атлетаў прыпісаны да МУС, КДБ ды іншых сілавых структураў. Магчыма, трэба будзе падпісаць антываенную дэкларацыю. Ці можна тут яшчэ неяк паўплываць на рашэнне МАК?

«Трэба збіраць інфармацыю, шырока гаварыць пра крытэрыі і дабівацца іх узмацнення. Канчатковая мэта – гэта каб такія атлеты не траплялі на спаборніцтвы і не былі сродкамі прапаганды рэжымаў і нармалізацыі вайны», – дадаў намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Міхаіл Залеўскі.

Шостага кастрычніка Беларускі фонд спартовай салідарнасці разам з нашым тэлеканалам арганізуюць дэбаты адносна права беларускіх і расейскіх спартоўцаў рэпрэзентаваць краіны на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ды іншых міжнародных спаборніцтвах. Дата невыпадковая: у гэты дзень у Стамбуле распачнецца Генеральная асамблея еўрапейскіх нацыянальных алімпійскіх камітэтаў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»