Якую пагрозу мог прынесці польскі суддзя?


«Я ў шоку». Гэтак напярэдадні на з‘яўленне ў Беларусі суддзі Томаша Шмыта адрэагаваў польскі міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі, назваўшы яго здраднікам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння прэм’ер Польшчы Дональд Туск сцвердзіў: суддзя ваяводскага адміністратыўнага суда ў Варшаве даўно меў кантакты з лукашэнкаўцамі, і гэта нават не пытанне апошніх месяцаў:

«Службы, у гэтым выпадку беларускія, працавалі з асобай, якая мела непасрэдны доступ да Міністэрства юстыцыі, якая была адказная за знішчэнне судзейскай сістэмы ў Польшчы, якая мела доступ да розных таемных дакументаў, да якіх ніякая выведка не павінная мець доступу ні за якія скарбы».

Яшчэ ўчора Томаш Шмыт, напісаўшы ў Менску прашэнне аб адстаўцы з пасады суддзі, хваліў Лукашэнку як «вельмі добрага прэзідэнта». А сёння ў эфіры расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва ён павіншаваў Пуціна з пераабраннем, прывітаў народы Расеі і назваў Беларусь вольнай краінай, у адрозненне ад Польшчы. Да таго ж паляк завёў тэлеграм-канал, дзе робіць перапосты лукашэнкаўцаў і піша па-расейску.

Польскі суддзя Томаш Шмыт, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. 6 траўня 2024 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА

«Канечне, хочацца верыць, што будзе абы-што, у іх нічога не атрымаецца і хутка гэты суддзя, які пачаў посціць у сваім тэлеграме фоткі гарэлкі, хутка сап’ецца – і здарыцца ўсё, як з Чэчкам. Але баюся, што гісторыя тут можа быць для нас горай», – каментуе каардынатар «Нашае візіі» Вадзім Мажэйка.

Вадзім Мажэйка хвалюецца, якія звесткі асаблівай важнасці пра беларусаў у Польшчы ведае Томаш Шмыт. Напярэдадні польскія спецслужбы распачалі праверку, доступ да якіх канкрэтна сакрэтных дакументаў меў суддзя-ўцякач.

«Праз адміністратыўны суд праходзяць рознага кшталту апеляцыі, скаргі, звязаныя з органамі дзяржаўнай адміністрацыі, спецслужбаў, войска і іншых структураў. Доступ да гэтай інфармацыі – таемнай, істотнай, доступ да асабістых звестак – гэта вельмі каштоўныя рэчы для выведкі варожай для нас дзяржавы», – зазначае публіцыст «Белсату» Міхал Кацэвіч.

Міхал Кацэвіч звяртае ўвагу: у Польшчы распачалася медыйная авантура з узаемнымі абскарджаннямі, ідуць спрэчкі, з якім палітычным асяроддзем мог быць звязаны Томаш Шмыт. Сітуацыя з уцёкамі суддзі мае быць папярэджаннем для польскай дзяржавы, каб сурʼёзна ўзяцца за пытанне бяспекі.

«Важна, каб Еўропа была гатовая і рыхтавалася, і разумела, што цяпер не час разнявольвацца, час сурʼёзна рэагаваць на правакацыі з боку Менску, Масквы і не думаць, што гэта такія калгасныя дурні, якія нічога не могуць», – кажа Вадзім Мажэйка.

На думку Вадзіма Мажэйкі, гэтая сітуацыя ёсць прыкладам для еўрапейскіх краінаў, каб тыя шукалі агентаў не столькі сярод беларусаў-уцекачоў, колькі сярод уласных грамадзянаў, у тым ліку на высокіх пасадах.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»