«Паспалітае рушэнне» далучылася да супрацьстаяння


«Паспалітае рушэнне» абвесціла пра стварэнне самастойнай патрыятычна-спартовай абарончай арганізацыі па-за межамі Беларусі. Гэта не пра канкурэнцыю і не пра расколы. Гэта пра яднанне і ўзаемадапаўненне. Хлопцы хочуць трэнаваць байцоў з замежжа і з Беларусі – тых, хто цяпер далучыцца да змагання ва Украіне, і тых, хто хоча быць гатовым да змагання за незалежную Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На восеньскіх здымках – заняткі першай групы беларусаў «Паспалітага рушэння». Паколькі вырашылі працягваць, аб’ядналіся ў арганізацыю, якая мае «спрыяць каардынацыі, унутранаму ўзаемадзеянню і кіраванню рушэннем, структурнаму пашырэнню і развіццю абʼяднання, мабілізацыі беларусаў, якія гатовыя змагацца за вызваленне Беларусі, сістэмнай фізічнай і спецыяльнай падрыхтоўцы, сталым матэрыяльным забеспячэнні, а таксама фармаванні нацыянальнага светапогляду сярод тых, хто далучыўся і далучыцца да рушэння», адзначаецца ў заяве.

Абʼядналіся больш чым 150 асобаў у складзе Варшаўскай, Гданьскай, Уроцлаўскай, Беластоцкай, Лодскай, Познаньскай, Віленскай, Ковенскай харугваў. Частка байцоў пасля атрымання навыкаў вядзення бою бачыць сваё месца ва Украіне.

«Самае галоўнае, чаго мы хочам – гэта падрыхтаваць як мага большую колькасць беларусаў да таго моманту, калі Расея падзе (будзе заключаны мір). Каб Беларусь не засталася пад акупацыяй расейскіх войск і Лукашэнкі», – кажа кіраўнік Паспалітага рушэння з пазыўным «Гусар».

Хоць гэта не раз падкрэслівалася, каманда нагадвае – з кветкамі ў руках не атрымаецца перамагчы рэжым, які сілаю ўтрымлівае ўладу ў Беларусі і кідае яе ў татальную залежнасць ад Крамля.

Трэнавальная база «Паспалітага рушэння» месціцца ў Польшчы. Раней байцоў там рыхтаваў BYPOL на чале з Аляксандрам Азаравым. Пасля – падпалкоўнік Валерый Сахашчык заявіў аб стварэнні «Паспалітага рушэння», і яно атрымала фінансавую дапамогу на трэнаванне. Але толькі на старт, тлумачыць «Гусар».

«Адзін трэнавальны дзень на стрэльбішчы для адной асобы каштуе 500 злотых ($ 113 / дзень). Групы павінныя трэнавацца пастаянна. Яны, вядома, трэнуюцца ўхаластую, не выкарыстоўваючы агнястрэльную зброю. Гэтыя трэнаванні можна праводзіць самастойна і рабіць гэта бясплатна. Але прынамсі раз на месяц байцы мусяць наведаць стрэльбішча і патрэнавацца з агнястрэльнай зброяй».

Агульнавайсковая падрыхтоўка (курс маладога байца): уменне абыходзіцца са зброяй, рыць акопы і займаць пазіцыю за сховішчам, мініраванне і размініраванне, базавае валоданне тактычнымі інструментамі, аказанне першай медычнай дапамогі.

У «Паспалітага рушэння» добразычлівыя адносіны з усімі структурамі, якія працуюць для рэалізацыі плану «Перамога». На гэты момант Валерый Сахашчык дапамагае з аплатаю арэнды тэрыторыі трэнавальнага цэнтру. Сродкі на стрэльбішча байцы будуць збіраць праз данаты. Стварыць старонку фінансава дапамог Зянон Пазняк. А эмблему і назву дапамагла стварыць гісторыя Беларусі.

«На эмблеме мы паказваем, што Пагоня, якая была выяўленая на нашым гербе быццам у чаканні, зараз прыйшла ў дзеянне. На другой плове нашай эмблемы – маці божая. Яна ў малітве за Беларусь, за сваіх сыноў і просіць, каб мы яе абаранілі – Маці Радзіму і вярнуліся жывымі», – распавёў прадстаўнік Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка.

Паколькі пытанне дыктатуры Лукашэнкі не можа быць вырашанае высілкамі аднаго Палку Каліноўскага і іншых добраахвотнікаў ва Украіне збіраюць кадравы рэзерв. Запрашэнне адкрытае для беларусаў замежжа і беларусаў, якія цяпер пражываюць на тэрыторыі, якую кантралюе рэжым.

Юлія Цяльпук, «Белсат»