Ці ёсць сапраўдная карысць ад «139.бел»?


Без малога 21 тысячу зваротаў атрымала летась ад грамадзянаў аб’яднанне «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў». Гэта амаль на траціну больш, чымся ў 2022 годзе. На карысць пакрыўджаных адсудзілі паўмільёна рублёў. У гэты дзень дзяржава рапартавала таксама пра яшчэ адно дасягненне. Адкрыты для менчукоў інтэрнэт-партал «139.бел», які мае акумуляваць інфармацыю аб працы ўсіх установаў сацыяльнай абароны Менску. Будзем больш абароненыя ці ўсё ж менш?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«139.бел» – адзіны партал для жыхароў сталіцы, куды можна звяртацца па сацыяльныя паслугі, якія вам належаць. Напрыклад, можна накіраваць запыт на бясплатны ці ільготны праезд, актуальны для людзей з інваліднасцю, пенсіянераў, шматдзетных.

«Вельмі арыентавана на кліента: калі ты заходзіш у інтэрнэт і ў пошукавым радку вельмі зручна. Можаш зразумець, што канкрэтна ўпісаць. Зарэгістраваць маму, тату, дзядулю ці бабулю – не важна. З гэтай пазіцыі здорава, класна», – кажа былая дэпутатка Менгарсавету Вольга Цесакова.

Працуе інфалінія «139» і чат-бот на старонцы, праз яго можна хутка пакінуць свой запыт. Прынцып падобны на «адно акно»: можна замовіць сацыяльнага работніка, выплату пенсіяў і дапамог.

«Працягваем рабіць прыгожую карцінку, пры гэтым скарачаем паўсюль, дзе толькі можна. Па асобных службах трэба будзе глядзець нарматыўна-прававыя дакументы, якія будуць рэгламентаваць працу гэтага рэсурсу. І адсюль будзе зразумела, ці будуць несці нейкую адказнасць сацыяльныя службы, ці не (пры накіраванні запыту праз гэты сайт), ці гэта будзе пісанне ў пустату», – разважае Вольга Цесакова.

Гэта пакажа час. А ўжо цяпер задаемся пытаннем: чаму запусцілі не гатовы праект? На сайце не працуюць вэб-падказкі. Напрыклад, пасля ўпісання віду сацыяльнай паслугі і лакалізацыі карыстальніка мапа не паказвае, у якую арганізацыю маеце звярнуцца.

«Відаць, спяшаліся да нейкай даты. Было вельмі трэба, таму запусцілі такую версію вельмі-вельмі сырую. А прыгажосць гэтую будуць дарабляць, зразумела, да 9 траўня, каб прэзентаваць, бо ўсё-ткі будзе актуальны наратыў, што мы падтрымліваем на толькі ветэранаў вайны, але і герояў працы», – кажа экс-дэпутатка сталічнага савету.

Спяшаліся не для людзей, а да справаздачнай даты: 15 сакавіка – дзяржаўны Дзень спажыўца. Уласнымі дасягненнямі з гэтай нагоды пахвалілася таксама аб’яднанне «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў». Летась да іх звярнулася на траціну больш пакрыўджаных (20,7 тыс.), чымся годам раней (14 тыс.) Адсудзілі Br 503 тыс. – удвая больш, чымся ў годзе 22-ім.

Уразлівым групам насельніцтва сёлета асабліва няма што святкаваць. Захавалася адно базавая, прадугледжаная заканадаўствам дамамога ў аб’ёме, якога не стае, напрыклад, на адчувальную падтрымку ў выхаванні асобы з аўтызмам. Сектар грамадскіх арганіцацыяў, якія дапамагалі, знішчыла дзяржава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Soumil Kumar / Pexels

«Ёсць шмат уразлівых груп, якія засталіся без дапамогі, сам-насам са сваімі праблемамі. Бо шмат арганізацыяў грамадзянскай супольнасці проста былі вымушаныя зачыніць сваю працу, а супрацоўнікі – зʼехаць праз гвалт з боку сілавікоў», – нагадвае кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Пакінутую нішу дзяржава не запоўніла. Але засталіся некаторыя сацыяльна-значныя онлайн-праекты. Напрыклад, платформа «petitions.by», якая дазваляе людзям публіваваць звароты да ўладаў і збіраць пад імі подпісы онлайн у справах сацыяльных і прававых. Заснавальнік праекту – Уладзімір Кавалкін.

«Каля 65 % петыцыяў маюць станоўчы вынік. І недзе 30 % – гэта адпіскі, гэта дрэнная праца са зваротам і гэтак далей. То бок заўсёды ёсць куды расці – з аднаго пункту гледжання. З другога боку – добра, што ёсць тое, што маем», – кажа ён.

Яшчэ адна платформа, якую «дабра што маем», – гэта рэспубліканскі партал гарадской гаспадаркі «115.бел».

Юлія Цяльпук, «Белсат»