Белстат рапартаваў пра рост беларускай эканомікі больш чым на 4 % у першым квартале года, што апераджае планаваны ўрадам гадавы рост. Статыстыкі цвердзяць, што павысілася вытворчасць працы, але ж ведаем, што галоўным чыннікам поспеху мелася б быць выручка ад продажаў. Інфармацыю пра іх аб’ём дзяржава ўсцяж хавае.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
На 4,1 % вырас галоўны паказнік росту нацыянальнай эканомікі – валавы ўнутраны прадукт. Звесткі за студзень-сакавік апублікаваў Белстат. У параўнанні з першым кварталам 2023 года эканоміка вырасла больш чым на 12 %.
Паводле незалежных эканамістаў – рост здаецца значным на фоне леташняга падзення ВУП у гэты перыяд. Доктар навук Яраслаў Кот дадае:
«Падтрымліваюць яны шматлікія прадпрыемствы, якія фармальна генеруюць шмат прадукцыі, як, напрыклад, трактары беларускія. Нешта зарабілі і выглядае ўсё цікава. Але ж гэтыя прадпрыемствы існуюць толькі як месца адмывання грошай з іншых краінаў».
Беларусь паказвае рост вытворчасці працы, але схавала статыстычныя звесткі аб абʼёмах экспарту, каб не засвяціцца на абыходжанні санкцыяў. Урад прапануе верыць на слова ў поспехі прадпрыемстваў і плануе гадавы ВУП у абʼёме 3,8 %. Прагноз Міжнароднага Валютнага Фонду больш сціплы: што ВУП Беларусі сёлета вырасце на 2,4 %. Еўразійскі банк развіцця і даследніцкі цэнтр BEROC на пачатку года сыходзіліся, што эканоміка вырасце на 2 %.
«Ставіцца пад сумнеў магчымасць дасягнення зноў тых жа запаветных 3,8 % росту ВУП. Хутчэй за ўсё гэта будзе пэўны рост, але ў больш сціплых маштабах», – казала экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.
Мінэканомікі напярэдадні справаздачылася: традыцыйная прамысловасць складае палову росту эканомікі і забяспечвае асноўную частку экспарту. Прызнае, аднак, што дзеля паспяховай будучыні патрэбныя высокатэхналагічныя вытворчасці.
Праблемы з экспартам у Еўропу ці праз яе калію, драўніны і іншых тавараў не далі пажаданага палітычнага эфекту (вызвалення палітвязняў). Лукашэнкаўская эканоміка, аднак, стала залежнаю ад Расеі, цвердзіць прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
«Адназначна, што беларускія машынабудаўнічыя прадпрыемствы амаль усе – ад малых да буйных – у той ці іншай ступені працуюць на інтарэсы не тое што Расеі, але менавіта расейскага войска».
Пытанне, як доўга гэта зможа прыносіць грошы. Аналітыкі МВФ лічаць, што ўжо ў наступнай пяцігодцы беларускую эканоміку чакае стагнацыя. Рост у межах толькі аднаго 1,1 %.
«Мы забылі, што мы размаўляем пра пірацкую дзяржаву. Як вы можаце падлічыць нейкі прыход у пірацкай дзяржаве? Вы не заўсёды гэта бачыце», – заўважыў Яраслаў Кот.
Лукашэнка задае эканоміцы курс на еўразійскі і кітайскі рынкі. Каб праз іх выходзіць на рынак сусветны. І загадчык, і выканаўцы ведаюць, што гэта задачы не на адзін год.
Юлія Цяльпук, «Белсат»