Футбалістам «Слуцку» тры месяцы не плацяць заробку


Грошай няма, але вы трымайцеся! Ужо не першы месяц падобныя словы чуюць футбалісты і трэнеры клубу «Слуцк». Паводле інтэрнэт-парталу «Tribuna.com», спартоўцы не атрымоўвалі заробку з пачатку года. Аднак здзіўляцца гэтаму не выпадае: каманда перажывае сур’ёзны фінансавы крызіс.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Запазычанасць за заробкі працягвае назапашвацца. Футбалісты клубу «Слуцк» ужо тры месяцы не атрымоўваюць грошай за сваю працу. Старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын заявіў пра незадаволенасць клубам, які нібыта цягне грошы з мясцовага цукровага заводу, а сам не зарабляе.

«Для прыватнікаў клубная гісторыя, дзе ва ўсім свеце зарабляюць, проста не цікавая. Таму ні ў кога няма вольных грошай на гэта ўсё, а самае галоўнае, што гэта сябе ніякім чынам не можа акупіць. Таму ў Беларусі – гэта не бізнес, а датацыі», – паведаміў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Сёлета Аляксандр Турчын паставіў задачу: 50 адсоткаў ад агульнага бюджэту каманды Менскай вобласці павінны зарабіць самастойна, тады змогуць разлічваць на дзяржаўную дапамогу.

«Турчын з пазіцыі сілы спрабуе размаўляць з камандай. Наўрад ці клуб будзе закрыты, пойдзе гаворка пра далейшае паніжэнне заробкаў футбалістаў. Гэта такая форма гандлю», – зазначыў кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Раней міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук не завізаваў «Слуцку» плану развіцця на 2023 год, бо ў клубе былі падпісанты ліста спартоўцаў супраць ґвалту падчас і пасля выбараў у 2020-м. Без гэтага плану клуб не змог разлічваць на дапамогу галоўнага спонсара – цукровага заводу. Сёлета сітуацыя яшчэ горшая.

«Гэта насамрэч шлях у нікуды. Яшчэ ні разу не было такога, калі каманду штучна ўтрымліваюць, каб яна потым квітнела, нешта з ёй было нармальнае», – распавёў трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Пра нездавальняльныя вынікі ў футбольнай гаспадарцы нядаўна ўзгадваў і Лукашэнка.

«Як былы футбаліст, які займаўся шмат футболам, мне проста страшна становіцца. Стан гэтага віду, як і многіх іншых, у жахлівым становішчы», – казаў Лукашэнка.

Футбольны матч Беларускай Прэм’ер-лігі 2020 года. ФК «Дынама Мінск» і ФК «Слуцк».
Фота: Misha Alexandrov / imago sport / Forum

Большая частка гульцоў «Слуцку» зарабляе ад 1200 да 2000 рублёў на месяц. Прызавыя за перамогу былі зніжаныя ўтрая – да 500 рублёў. Аднак заробку футбалісты і трэнерскі штаб даўно не бачылі, а прэміі выплочваць няма нагоды. Час ідзе – праблемы не мяняюцца, футбалісты разбягаюцца. Згадаем нараканні былога трэнера «Слуцку» Віталя Паўлава ў 2020 годзе.

«Я ўжо чацвёрты год працую, і чацвёрты год у мяне кожны сезон па палове каманды было. Яго запрашаюць у іншы клуб на заробак у 4-5 разоў большы, як яго ўтрымаць?», – падкрэсліваў былы трэнер.

Праз адсутнасць сродкаў і матывацыі цяпер каманда на дне турнірнай табліцы чэмпіянату. Ці чакае «Слуцк» лёс футбольнай «Гарадзеі», якая ў 2021 годзе перастала існаваць праз фінансавыя праблемы?

«Асабліва гэта тычыцца “Гарадзеі”. Усё было цудоўна, людзі семʼямі хадзілі на футбол, але нешта пайшло не так. Як толькі дзяржава бярэцца дапамагаць футбольным клубам, адразу чакай бяды», – адзначыў Яўген Вяроўка.

Пакуль жа футбалісты «Слуцку» мусяць жыць на тыя грошы, што адклалі раней.

Павел Алейнікаў, «Белсат»