Адкуль бяруцца менскія даўгабуды?


Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі зноў раскрытыкаваў менскіх чыноўнікаў за даўгабуды. У сталіцы сапраўды можна налічыць з дзясятак замарожаных будоўляў, што пачыналіся як пафасныя праекты, а ў выніку гадамі псуюць гарадскія краявіды. Чаму насамрэч паўстаюць даўгабуды? І ці можна ўладкаваць гэтую праблему звыклымі для беларускага рэжыму дырэктыўнымі метадамі? Разбіраліся нашыя журналісты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Даўгабуды сталі своеасаблівай візітоўкай Менску часоў Лукашэнкі. Яны пачынаюцца як амбітныя праекты, але потым замарожваюцца і гадамі мазоляць вочы. Праблема не толькі эстэтычная. На думку ўрбаністаў, даўгабуды пагаршаюць якасць жыцця гараджанаў.

«Наяўнасць даўгабудаў на пэўнай тэрыторыі пагаршае эканамічны стан гэтага раёну, якаснае асяроддзе гэтага раёну, таксама гэта ўвогуле можа быць небяспечна і мець іншыя наступствы. Гэта рэальная гарадская праблема. Праблема не раёну, а гораду ў цэлым. Бо мы не ведаем, як гэта ўплывае на транспартныя патокі, на розныя бяспекавыя рэчы», – кажа ўрбаністка Вольга.

Бізнес-цэнтры, гандлёвыя комплексы, гатэлі – пад гэтыя праекты ўлады аддавалі зямельныя дзялянкі ў найвыгоднейшых сталічных частках. Дзеля новай камерцыйнай забудовы нават руйнавалі помнікі архітэктуры. Але праекты буксуюць ужо не першы год. У Менску можна налічыць з дзясятак самых прыкметных «замарожаных» будоўляў – «Не-Кемпінскі», «Газпром-цэнтр», «Магніт Менск» ды іншыя. За іх Лукашэнка перыядычна пясочыць сваіх падначаленых і вінаваціць іх у безгаспадарлівасці. Але эксперты, з якімі мы размаўлялі на тэму менскіх даўгабудаў, бачаць іншыя прычыны.

«Многія знакавыя такія аб’екты, якія замаруджваюцца, нясуць у сабе і палітычны складнік. Калі на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта трэба нешта вылучыць, даць камусьці забудаваць. Для анансавання нейкай дружбы. Напрыклад, як гатэль “Хаят” у Менску. Пачынаецца будаўніцтва, якое потым згортваецца, бо эканамічна немэтазгодна», – кажа Дзяніс Кобрусеў, удзельнік ініцыятывы «Горад для гараджанаў».

Дарэчы, на будаўніцтва гатэлю «Хаят» меркаваўся банкаўскі крэдыт на восемдзесят мільёнаў долараў. Яго мела атрымаць кампанія, што выступала замоўнікам і пра якую ў агульным доступе мала інфармацыі. Цяпер вядома, што яна збанкрутавала. Сітуацыя, калі аб’ект будуе малавядомая фірма, больш падобная да схемы адбывання грошай. Асабліва, калі кампанія зарэгістраваная ў афшоры, мяркуе Дзяніс Кобрусеў. Такія забудоўнікі не заўсёды зацікаўленыя ў давядзенні працы да канца. Але і сумленны бізнес не застрахаваны ад праблемаў, выкліканых асаблівай беларускай эканамічнай мадэллю.

«Ёсць чыста нашыя ўнутраныя крызісы, напрыклад, з дэвальвацыяй валюты, а таксама крызісы, што вынікаюць з палітычных – санкцыі, трансакцыі. Яны ўплываюць на рэалізацыю такіх праектаў», – тлумачыць Дзяніс Кобрусеў.

Больш-менш упэўнена могуць пачувацца хіба бізнесоўцы, якія маюць добрыя стасункі з рэжымам. Яскравы прыклад – браты Карычы, чыя кампанія «Дана Холдынгз» фактычна атрымала карт-бланш ад Лукашэнкі і таму смела бралася за маштабныя праекты. Іншыя кампаніі, якім пашанцавала меней, аказаліся не ў стане закончыць будаўніцтва. Прычына досыць банальная – нястача грошаў. І дырэктыўныя метады Лукашэнкі не дадуць плёну, мяркуе нашая экспертка, урбаністка Вольга.

«Ніякая жорсткая, дырэктыўная, таталітарная палітыка не вырашае праблему. Кожная праблема павінная абмяркоўвацца і ісці па пэўных бюракратычных працэдурах і правілах. Калі мы прымаем нейкія жорсткія рашэнні, гэта больш напужае тых, хто павінен займацца гэтымі справамі, хто хацеў бы нешта добрае зрабіць для гораду», – мяркуе Вольга.

Фактычна ўлада спрабуе змагацца з тою з’яваю, якую сама і стварыла.

Валянцін Васіленка, «Белсат»