G7 абяцае далейшае падтрыманне Украіне


Саміт «Вялікай сямёркі» мае завяршыцца толькі заўтра, але лідары краінаў G7 ужо сёння ўзгаднілі супольнае выніковае камюніке. У дакуменце агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны асуджаецца і называецца «сур’ёзным парушэннем міжнароднага права».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Бесчалавечная агрэсія Расеі ўяўляе сабою пагрозу ўсяму свету, парушаючы фундаментальныя нормы, правілы і прынцыпы міжнароднай супольнасці. Мы чарговы раз пацвярджаем нашае непарушнае падтрыманне, якое мы будзем надаваць Кіеву да таго часу, пакуль ва Украіне не будзе ўстаноўлены ўсёахопны, справядлівы і трывалы мір», – гаворыцца ў камюніке.

Сярод іншых задачаў, якія ўзялі на сябе лідары G7, – узмацненне высілкаў у галіне раззбраення і нераспаўсюду ядравай зброі, пераход на экалагічна чыстыя крыніцы энергіі, глабальная харчовая бяспека і разбудова інфраструктуры.

Уладзімір Зяленскі на другі дзень саміту прыляцеў у Хірасіму. Напярэдадні прэзідэнт Украіны выступіў перад чальцамі Лігі арабскіх дзяржаваў у Джыдзе ў Саудаўскай Аравіі, а да гэтага ажыццявіў турнэ па Еўропе.

«Я настойліва рэкамендавала прыехаць сюды, у Японію – у Хірасіму, горад міру, і сустрэцца тут з лідарамі. Бо гэта месца, дзе мы маем абмеркаваць, як дасягнуць справядлівага міру», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Зяленскі асабіста сустрэўся з шэрагам лідараў, сярод іншага – з прэмʼерам Індыі. Краіну, што дасюль не выступіла з безумоўным асуджэннем расейскага ўварвання ва Украіну, ён заклікаў далучыцца да ўкраінскай формулы міру.

«You made it!» («Ты зрабіў гэта!») – такімі словамі, вітаючыся з Зяленскім, кіраўнік брытанскага ўраду Рышы Сунак адзначыў ці то прыезд украінскага лідара, ці то пастанову Злучаных Штатаў не блакаваць надання Украіне знішчальнікаў F-16.

Напярэдадні ЗША пацвердзілі ўдзел у «кааліцыі знішчальнікаў».

«Цяпер мы перайшлі да абмеркавання ўдасканалення ўкраінскіх вайскова-паветраных сілаў як часткі нашых доўгатэрміновых абавязанняў у самаабароне Украіны», – заявіў дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван.

Сустрэча ўкраінскага і амерыканскага прэзідэнтаў плануецца ў нядзелю. Паводле агенцтва «Reuters» і выдання «Politico», пасля сустрэчы з Зяленскім Байдэн мае абвясціць новы пакет дапамогі Украіне на суму 375 мільёнаў долараў.

Крэмль жа сцвярджае, што задача Злучаных Штатаў, Еўразвязу і НАТО – зліквідаваць Расею як геапалітычнага канкурэнта. І не толькі Расею.

«Уласна кажучы, і любую іншую краіну, якая прэтэндуе на самастойнае месца ва ўсясветным раскладзе, будуць у якасці канкурэнта душыць. Зірніце на тыя рашэнні, што сёння абмяркоўваюцца і прымаюцца ў Хірасіме на саміце «Вялікай сямёркі» ды якія скіраваныя на падвойнае стрымліванне Расеі і Кітайскай Народнай Рэспублікі», – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Заклік да Кітаю націснуць на Расею, каб тая спыніла вайну і вывела войскі з Украіны, змешчаныя між іншага ў супольным камюніке G7. З Пекінам жа «Вялікая сямёрка» гатовая будаваць канструктыўныя і стабільныя стасункі, улічваючы яго долю ў сусветнай эканоміцы ды ролю ў міжнароднай супольнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»