NATO павялічвае дапамогу Украіне


Швецыі адкрылі шлях у NATO. Альянс здолеў абысці апошнюю перашкоду ў выглядзе Вугоршчыны, чый парламент учора ўзгадніў прыняцце Швецыі ў Альянс. На гэтым краіны Захаду спыняцца не збіраюцца і ствараюць кааліцыю для дапамогі Украіне з ракетамі вялікай далёкасці. Што робяць саюзнікі Украіны і як гэта можа змяніць сітуацыю на фронце?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адпраўка войскаў ва Украіну і стварэнне кааліцыі для перадачы ракетаў вялікай далёкасці. Гаспадар французскага прэзідэнцкага палацу па выніках нефармальнага саміту NATO у Парыжы ўзяў на сябе ролю новага лідара ў падтрыманні Кіева.

«Я ніколі не казаў, што Францыя не выступае за адпраўку войскаў. Я не буду адкрываць усёй сённяшняй дыскусіі, называючы імёны. Але я вам вельмі ясна сказаў, што Францыя захоўвае сваю пазіцыю. Нічога нельга выключаць для дасягнення нашых мэтаў», – заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Эксперт у справе нацыянальнай бяспекі з Украіны Віктар Ягун мяркуе, што адбываецца якасная змена ў падыходзе заходніх краінаў да падтрымання Украіны. Таму адпраўка войскаў NATO можа быць рэальнай, хоць і не блізкай перспектывай.

«А мы змаглі б свае войскі выкарыстоўваць на лініі фронту. А яны б, напрыклад, узялі пад свой кантроль мяжу з Беларуссю. Я не думаю, што беларусы пераступілі б мяжу, каб сустрэцца твар у твар з натаўскімі салдатамі», – зазначае генерал-маёр запасу СБУ, былы намеснік кіраўніка СБУ Віктар Ягун.

Масква адрэагавала на заяву Макрона вуснамі прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова:

«Сам факт абмеркавання магчымасці накіравання нейкіх кантынгентаў ва Украіну з краінаў NATO – гэта, вядома, вельмі важны новы элемент. Нам добра вядомая пазіцыя спадара Макрона адносна неабходнасці нанясення Расеі стратэгічнай паразы».

Пакуль натаўскія войскі ва Украіне застаюцца пытаннем тэарэтычным, Макрон распавёў і пра практычныя крокі для ўзмацнення дапамогі Украіне. Еўропа заяўляе, што гатовая адказаць на запыт Кіева, які не першы месяц кажа пра сур’ёзны недахоп боепрыпасаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Украіны і NATO. Крыніца: ukrinform.pl

«Самы важны прыярытэт – гэта пытанне боепрыпасаў. Мы ў значнай ступені мабілізавалі кааліцыю, маю на ўвазе артылерыю. У гэтай кааліцыі, як вы ведаеце, мы былі імпульсам. Але ўсе мы за сталом абавязаліся пайсці да вычарпання даступных запасаў і вызначылі трэція краіны, якія можна мабілізаваць для розных катэгорыяў боепрыпасаў», – заявіў Эманюэль Макрон, прэзідэнт Францыі.

Уласна недахопам боепрыпасаў украінскія ўлады тлумачылі вымушанае адступленне з Аўдзееўкі на пазамінулым тыдні.

«2-3 тыдні – і пытанне аб тым, што боепрыпасаў не хапае, будзе закрытае. Я думаю, што Расея хутка нешта такое сурʼёзнае супрацьпаставіць не зможа, акрамя колькасці штурмавых групаў, якія кідаюць кожны дзень у бой», – лічыць Віктар Ягун.

Яшчэ адна значная падзея адбылася падчас саміту NATO. Парламент Вугоршчыны ўхваліў заяўку Швецыі на ўступленне ў Альянс, што расчысціла шлях да таго, каб паўночная краіна зрабілася 32-м чальцом абарончага саюзу. Будапэшт заставаўся адзінай еўрапейскай сталіцай, што зацягвала прыняцце гэтага рашэння.

«Швецыя пакідае за плячыма 200 гадоў нейтралітэту і ваеннага недалучэння. Гэта вялікі крок, і да яго трэба паставіцца сурʼёзна, але гэта таксама вельмі натуральны крок для нас. Сяброўства ў NATO азначае, што цяпер мы далучаемся да вялікай колькасці краінаў, да супрацы дэмакратычных краінаў дзеля міру і свабоды», – заявіў прэмʼер-міністр Швецыі Ульф Крыстэшан.

Між тым украінцы лічаць, што Захад стаміўся ад іх і хоча, каб Украіна дамаўлялася з Расеяй. Такую думку выказалі 44 % рэспандэнтаў падчас лютаўскага даследавання Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі. Апытанне паказала, што менш за палову ўкраінцаў лічаць, што Захад працягвае падтрымліваць Украіну на максімуме сваіх магчымасцяў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»