Лукашэнка забараніў спансараваць выбары і экстрэмізм


Выбары, ідэалогія і экстрэмізм у адным шэрагу. І гэты шэраг вызначае мэты, на якія забаронена даваць спонсарскую дапамогу. Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі з’явіўся на Нацыянальным прававым партале.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выбарчы працэс, ідэалагічныя захады і экстрэмісцкая дзейнасць цяпер не могуць праводзіцца пры фінансаванні спонсараў.

«Фактычна і раней нельга было выдаткоўваць грошы на тэрарыстычную ці экстрэмісцкую дзейнасць, гэта абсалютна зразумела, бо гэта па-за законам. Але тое, што яны прапісваюць раз за разам гэтыя мэты і ўмовы, што на гэта не выдаткоўваць, гэта падкрэслівае заклапочанасць улады рознымі дзеяннямі, якія яны могуць акрэсліваць як тэрарыстычныя або экстрэмісцкія», – зазначае кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Экстрэмізмам Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі называюць усё, што ідзе ў разрэз з іхнай ідэалогіяй, то бок фактычна любое іншадумства. Менавіта экстрэмізм у новым указе займае галоўнае месца. Маўляў, фізічным і юрыдычным асобам, а таксама прадпрымальнікам забаронена вылучаць і выкарыстоўваць спонсарскую дапамогу на ўсё, што шкодзіць нацыянальнай бяспецы і дзяржаўным інтарэсам.

«Ёсць, напрыклад, “BYSOL”, які прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, але яны замахваюцца прызнаваць усе фонды, якія могуць пачаць узнікаць раптоўна. І яны спрабуюць выкрасліць гэтую дзейнасць як клас, як тып дзейнасці», – лічыць Андрэй Стрыжак.

Апроч таго, указ забараняе спансараваць выбары і рэферэндумы, мітынгі, вулічныя шэсці, пікеты, страйкі, выраб ці распаўсюд улётак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка. Сочы, Расея. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Хіба гэта чарговае пасланне для беларускага бізнесу або для тых людзей, якія гатовыя фінансаваць альтэрнатыўныя Аляксандру Лукашэнку палітычныя сілы, каб яны не рабілі гэтага, не падтрымлівалі незалежных кандыдатаў і не ўдзельнічалі ў грамадскім і палітычным жыцці», – каментуе адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

У якасці выключэння выбарчая дзейнасць ды ідэалагічныя імпрэзы могуць быць падтрыманыя спонсарскаю дапамогай у выглядзе маёмасці. Дазвол на гэта можа даць толькі Лукашэнка.

«Дыктатар сваім указам надзяляе самога сябе, дыктатара, магчымасцю вызначаць, хто можа спансараваць тое ці іншае мерапрыемства. На жаль, тут можна канстатаваць чарговую дэградацыю беларускай прававой сістэмы», – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Сярод іншых зменаў – магчымасць даваць спонсарскую дапамогу ў электронных грошах і токенах ды забарона такой дапамогі ў замежнай валюце, з выключэннямі ў справах аховы здароўя і міжнароднай супрацы.

Аліна Скрабунова, «Белсат»