Перад першым званком ува ўсіх бацькоў клопаты падобныя: якія выбраць сшыткі ці заплечнік. Але сёлета шмат хто з беларускіх сем’яў будзе мець дадатковы клопат, бо вучыцца давядзецца не толькі ў іншай школе, але і ў іншай краіне.
«Дзённікі розныя. У нас дзённікі абавязкова з дзяржаўным сцягам, іх літаральна два-тры варыянты і ты абавязаны набываць толькі гэтыя дзённікі. Ты не можаш набыць вось такі дзённік у Беларусі і з ім прыйсці ў школу. Ён у цябе будзе непрыгодны, несапраўдны», – кажа Іна Зайцава, больш вядомая як «бел-чырвона-белая нявеста».
Разам з сямʼёй яна мусіла зʼехаць ва Украіну праз палітычны пераслед. Прытулак яны знайшлі каля Кіева: тут набылі дом, тут іхны сын пойдзе ў школу.
Аглая і Мацвей Сняжковы з Гомля адзін навучальны год ужо скончылі за межамі Беларусі – у Беларускай гімназіі імя Скарыны ў Вільні. Дзецям карціць пайсці ў школу, бо летась заняткі былі онлайн праз пандэмію.
«Мне падабаецца тут вучыцца, вельмі цікава ўсё, настаўнікі цікава тлумачаць, у іх свой падыход. Што незразумела – тлумачаць, дадатковыя заняткі вядуць», – кажа Аглая Сняжкова.
Сям’я Сняжковых таксама мусіла з’ехаць з Беларусі праз пераслед уладаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Пасля затрымання бацькоў няпоўнагадовых дзяцей забіралі ў прытулак.
«Да Глашы ў школу прыехалі працаўнікі міліцыі, яе апытвалі без маёй згоды і ведама. Потым у школе ведалі, што гэтыя ж працаўнікі прыехалі да нас дадому з ператрусам, потым у той жа дзень дзяцей забралі ў прытулак, а мяне – у СІЗА», – узгадвае яе маці Наталля Сняжкова.
Ніхто з настаўнікаў ці кіраўніцтва школы не пацікавіўся лёсам дзяцей пасля гэтых падзеяў, падкрэслівае Наталля Сняжкова. І параўноўвае гэтае стаўленне з тым, як дзяцей прынялі ў Вільні.
«Класны кіраўнік увесь час тэлефануе з пытаннямі, як мы ўладкаваліся, які настрой, ці не смуткуем, то бок нават псіхалагічна падтрымка была пастаянна. Класны кіраўніца без фармальнай нагоды званіла, каб падтрымаць», – кажа Наталля Сняжкова.
Дзяцей прынялі ў школу без дакументаў, выдалі падручнікі і планшэт для онлайн-навучання, для іх праводзяць дадатковыя заняткі літоўскай мовы.
«Мы разумеем, што навучанне тут, у гэтай гімназіі, дапаможа нам выхаваць дзяцей свабоднымі, унутрана свабоднымі. Гэта самае галоўнае», – лічыць бацька Герман Сняжкоў.
Раптоўны пераезд у іншую краіну, змена школы і звыклага жыцця для дзяцей такая ж праблема, як і для дарослых, адзначае псіхолаг Вольга Вялічка, якая сама з сям’ёю мусіла пераехаць у Вільню праз палітычны пераслед.
«Дарослы можа ўсведамляць тое, што адбываецца, і гэтае ўсведамленне пераказваць словамі. Дзіця гэтага не можа, і таму дарослым часта падаецца, што дзеці вельмі добра адаптуюцца, кожны год можна мяняць асяроддзе», – кажа Вольга Вялічка.
Для кожнага дзіцяці працэс адаптацыі да новых умоваў вельмі складаны, падкрэслівае псіхолаг, але дарослыя могуць ім дапамагчы – распытваючы дзяцей, размаўляючы з імі.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»