Грошы, цярплівасць і час. Як беларусу замяніць пасведчанне кіроўцы за мяжою?


Надоечы ў Польшчы разгарэўся скандал з перадаваннем у беларускую амбасаду звестак беларусаў, якія атрымалі там дадатковую абарону. Гэта адбылося пры спробе замяніць пасведчанне кіроўцы. Як гэтая працэдура выглядае ў розных краінах, дзе жывуць беларусы, – у матэрыяле «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пра выпадкі інфармавання амбасады Беларусі пра беларусаў, якія атрымалі ў Польшчы дадатковую абарону, першы паведаміў Цэнтр беларускай салідарнасці. Арганізацыя запэўніла, што праблема не мае сістэмнага характару. Паводле ЦБС, гэта былі памылкі асобных чыноўнікаў.

Рэч у тым, што пры замене пасведчання кіроўцы на польскае патрабуецца даведка ад амбасады. Аднак гэтае правіла не датычыць асобаў, якія атрымалі ў Польшчы статус уцекача або дадатковую абарону.

«Белсат» знайшоў некалькі асобаў, якія атрымалі ў суседняй краіне дадатковую абарону і якія сутыкнуліся з тым, што падчас гэтай адміністрацыйнай працэдуры польскія службоўцы насуперак закону звярталіся ў амбасаду Беларусі. Гэта парушае прынцыпы прыватнасці і бяспекі ўцекачоў, падкрэсліваюць юрысты ЦБС.

Каментар
У Беларусі маглі ведаць, што чалавек у Польшчы мяняе правы. Дэталі «перадачы дадзеных»
2024.04.17 07:30

Пасля мірнай рэвалюцыі 2020 года тысячы беларусаў (паводле некаторых ацэнак, каля 200–300 тысячаў) былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. І, акрамя ўласна легалізацыі ў новых краінах, людзі сутыкаюцца з іншымі праблемамі, адна з іх – пасведчанне кіроўцы. Як замяніць дакумент?

Гісторыі
«Службовец ні слова не сказаў». Яшчэ выпадак перадачы звестак у амбасаду Беларусі ў Польшчы
2024.04.19 16:42

Польшча

У Польшчы беларусы могуць карыстацца нацыянальным пасведчаннем кіроўцы цягам 185 дзён з моманту заезду ў краіну. Калі заставацца далей, давядзецца мяняць дакумент – такі абавязак замацаваны ў законе. Часовы выезд з Польшчы гэтага тэрміну не абнуліць.

Для замены пасведчання трэба звярнуцца ў раённую адміністрацыю згодна з месцам пражывання (Urząd Dzielnicy, Urząd Miasta або Urząd Gminy, у Варшаве ва ўправах трэба шукаць адмысловы аддзел – Delegatura Biura Administracji i Spraw Obywatelskich). Там папросяць такія дакументы:

  • заяву (wniosek);
  • згоду на апрацоўванне асабістых звестак;
  • пашпарт;
  • фота;
  • ксеракопію пасведчання і яго натарыяльна засведчаны пераклад;
  • дакумент, што сведчыць легальнае перабыванне (віза, ВНЖ), і ксеракопія;
  • прапіска (meldunek);
  • квітанцыя пра аплату збору (100 злотых).

Паводле звычайнай працэдуры, польскія службоўцы самастойна звяртаюцца ў амбасаду Беларусі, каб пацвердзіць сапраўднасць нацыянальнага пасведчання. Аднак грамадзянін можа і сам звярнуцца ў дыпламатычную пляцоўку (або даслаць ліст поштаю) з наступнымі дакументамі:

  • ксеракопія пашпарта і пасведчання кіроўцы;
  • пацверджанне аплаты консульскага збору (50 еўраў);
  • канверт з маркай і зваротным адрасам – не патрабуецца, калі забіраць даведку асабіста.

Прыблізны тэрмін гатовасці даведкі – два месяцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскае пасведчанне кіроўцы.
Фота: Arkadiusz Ziolek / East News

Важна: зварот у амбасаду Беларусі не патрабуецца, калі ідзецца пра асобаў, якія атрымалі ў Польшчы статус уцекача, прытулак, дадатковую абарону, дазвол на перабыванне з гуманітарных прычынаў або дазвол на талерантнае перабыванне.

Рэгламент прадугледжвае, што без уліку часу, які спатрэбіцца на чаканне даведкі з амбасады, польскае пасведчанне выдадуць цягам максімальна двух месяцаў. Тэрмін дзеяння дакументу будзе такі ж, што і ў беларускага, пры гэтым беларускае пасведчанне забяруць.

Пратэрмінаванага пасведчання не заменяць. У такім выпадку давядзецца пачынаць з нуля: курсы, іспыты, медычная даведка.

Літва

У Літве, як і ў Польшчы, замежнікі абавязаныя замяніць пасведчанне кіроўцы, калі жыць у краіне больш за 185 дзён. Толькі працэдура тут іншая: аніякіх даведак з Беларусі не трэба, аднак давядзецца здаваць іспыты, хаця і не абавязкова навучацца ў мясцовай аўташколе.

Паслугу надае дзяржаўнае агенцтва «Regitra», можна звяртацца ў любы офіс. Патрабуецца:

  • дакумент, што сведчыць асобу;
  • беларускае пасведчанне з натарыяльна засведчаным перакладам;
  • сертыфікат пра засваенне курсу першай медычнай дапамогі (каштуе 15–25 еўраў).

Яшчэ трэба прайсці медычны агляд у дзяржаўнай ці прыватнай установе (будзе каштаваць 20–40 еўраў), а электронную даведку ў агенцтве «Regitra» атрымаюць аўтаматычна.

Наступны этап – іспыты. Тэарэтычны можна здаць на літоўскай, англійскай або расейскай мове, практычны – толькі на літоўскай, але можна асобна замовіць перакладніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскае пасведчанне кіроўцы.
Крыніца: linkedin.com

Літоўскае пасведчанне зробяць цягам 10 дзён, збор – 14,19 еўра. Калі «гарыць», аддадуць і на наступны дзень, але каштаваць гэта будзе 37,36 еўра. Яшчэ за 6,99 еўра дакумент прывязе дадому кур’ер.

Замяніць можна дзейнае беларускае пасведчанне або пратэрмінаванае, толькі тэрмін дзеяння мусіць скончыцца ў той момант, калі вы ўжо жывяце ў Літве, і толькі цягам аднаго года з дня пераезду.

Літоўцы даюць пасведчанне на 10 гадоў.

Грузія

У Грузіі працэдура выглядае для замежнікаў прасцей: каб замяніць правы на мясцовыя, напрыклад, не патрабуецца від на жыхарства або прапіска. Фота робяць на месцы.

Звяртацца належыць у любы сэрвісны цэнтр Міністэрства ўнутраных справаў. Грузінскае пасведчанне абяцаюць зрабіць цягам паўгадзіны, тэрмін дзеяння – 15 гадоў. Беларускае забяруць.

Спатрэбяцца такія дакументы:

  • пашпарт з натарыяльна засведчаным перакладам або ВНЖ;
  • беларускае пасведчанне кіроўцы і натарыяльна засведчаны пераклад;
  • даведка пра сапраўднасць нацыянальнага пасведчання з натарыяльна засведчаным перакладам*;
  • медычная даведка (афармляецца ў любой дзяржаўнай паліклініцы, каштуе да 50 лары);
  • квітанцыя пра аплату збору (15 лары).
Даведка
*патрабуецца паводле агульнага правіла, аднак «Белсат» знайшоў сведчанні беларусаў, якія сцвярджаюць, што памянялі правы і без гэтага дакументу.

Даведку можна ўзяць у ДАІ і прывезці з Беларусі або замовіць у беларускай амбасадзе. Грузінскія службоўцы гэтым не пераймаюцца, таму давядзецца дзеяць самастойна. Пасольства прымае згодна з папярэднім запісам, даведка будзе каштаваць 50 еўраў (грошы бяруць гатоўкаю на месцы) і рыхтаваць яе будуць каля месяца. Дакумент афармляюць на расейскай мове.

Даведка будзе дзейсная для замены пасведчання цягам 90 дзён пасля выдачы.

Беларусам, якія не могуць з’ездзіць на радзіму па гэтую паперу або звярнуцца ў амбасаду, праваабаронца з «Human Rights Impact» і юрыст Раман Кісляк параіў тлумачыць грузінскім службам, што атрымаць дакумент немагчыма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузінскае пасведчанне кіроўцы.
Крыніца: marneulifm.ge

«Калі асоба запрасіла або атрымала прытулак (міжнародную абарону), то можа папрасіць замяніць пасведчанне без такой даведкі, абгрунтаваўшы, што няма магчымасці яе атрымаць. Прынамсі варта паспрабаваць», – сказаў адмысловец «Белсату».

Зрэшты, усе гэтыя прыгоды і не спатрэбяцца, калі выязджаць з Грузіі раз на год: менавіта столькі часу з дня ўезду ў краіну можна легальна карыстацца беларускім пасведчаннем, і мінанне мяжы абнуляе гэты тэрмін.

Акрамя таго, замежнікам у Грузіі даступная опцыя атрымання пасведчання з нуля. Для гэтага не трэба вучыцца ў аўташколе – дастаткова здаць практычны і тэарэтычны іспыт і атрымаць даведку ад доктара.

Расея

У Расеі – самыя камфортныя для беларускіх кіроўцаў умовы: нацыянальным пасведчаннем можна карыстацца ўвесь час, пакуль дзеіць дакумент. Закон не абавязвае ажыццяўляць замены ў акрэслены тэрмін. Калі гэта ўсё ж спатрэбіцца (напрыклад, пасля сканчэння тэрміну дзеяння), алгарытм грамадзяніна Беларусі будзе такі:

  • медкамісія (у дзяржаўных паліклініках і шмат якіх прыватных);
  • аплата збору (2 тысячы расейскіх рублёў);
  • атрыманне расейскага пасведчання, прычым беларускага забіраць не будуць.

Спатрэбяцца наступныя дакументы:

  • копія пашпарта з натарыяльна засведчаным перакладам;
  • копія нацыянальнага пасведчання з натарыяльна засведчаным перакладам;
  • дакумент, што сведчыць легальнае пражыванне ў Расеі;
  • медычная даведка;
  • квітанцыя пра аплату збору.

Заяву на замену пасведчання можна скласці онлайн праз сэрвіс «Госуслуги», там жа адразу можна выбраць аддзяленне ДАІ (ГИБДД) і час наведвання, што пасуе, і аплаціць збор. Расейскае пасведчанне выдадуць у першы ж візіт. Або можна наўпрост звярнуцца ў Дзяржаўтаінспекцыю – любое аддзяленне, незалежна ад месца рэгістрацыі.

Тэрмін дзеяння расейскага пасведчання кіроўцы – 10 гадоў.

Разбор
Ад міжнароднай абароны да пашпарта пасля нараджэння: як беларусам легалізаваць дзіця ў розных краінах?
2024.02.07 06:18

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў