200 «экстрэмісцкіх фармаванняў», масавыя суды і пнеўманія ў Луцкіной. Рэпрэсіі 2 траўня


Рэжым Лукашэнкі наштампаваў ужо 200 «экстрэмісцкіх фармаванняў» і шукае патэнцыйных палітвязняў на мяжы з ЕЗ. Пра гэта і іншыя парушэнні правоў людзей у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

​​Палітзняволеная Ксенія Луцкіна.
Фота: sb.by

У Беларусі з’явілася двухсотае «экстрэмісцкае фармаванне» – праект «Мы не Холопы». Адпаведнае рашэнне прыняла МУС 2 траўня, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

​​Палітзняволеная Ксенія Луцкіна зноў перахварэла на пнеўманію ў калоніі. Паводле былой палітзняволенай нядаўна ў Ксеніі, якая хварэе на астму, пачалася моцная алергія на піжаму сукамерніцы з моцным пахам парфумы. Праз гэта яна пачала моцна кашляць, задыхацца і не магла спаць некалькі сутак. Ксенія захварэла на пнеўманію і яе на некаторы час змяшчалі ў санчастку.

Раней былую журналістку «Белтэлерадыёкампаніі» асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем – у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Яна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Удома Ксенію чакае непаўнагадовы сын.

Hавiны
«Здараюцца прыступы, траціць прытомнасць». Бацька палітзняволенай Ксеніі Луцкіной распавёў пра ейны стан здароўя
2023.06.06 13:23

У Баранавічах будуць судзіць адразу восем чалавек па «народным» артыкуле, то бок нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК). Гэта Каляга Канстанцін, Каласоўскі Эрык, Пацко Іван, Лаўрушчык Аляксандр, Дрык Іван, Сергіеня Павел, Філіповіч Дзмітры, Лапіч Арцём.

Справу 7 траўня ў судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы будзе разглядаць суддзя Вікторыя Пакунова.

Напачатку вясны ў Баранавічах за ўдзел у пратэстах судзілі адразу 17 чалавек.

Па гэтым жа артыкуле 7 траўня будуць судзіць неўролага Руслана Бадамшына ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Працэс будзе весці суддзя Юлія Крэпская. Раней мужчыну затрымлівалі прынамсі пяць разоў пасля выбараў 2020 года.

У Менску пачалі судзіць адразу па двух крымінальных справах бізнесоўца Уладзіміра Балабановіча. Яго абвінавачваюць у «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», а таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, скіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны». Справу разглядае суддзя Вера Галаўкова.

«Дата затрымання бізнесоўца невядомая, але ёсць інфармацыя аб тым, што ў канцы студзеня Балабановіча ўключылі ў склад “экстрэмісцкага фармавання” “Трыэліт” (гэта дваровы чат таварыства ўласнікаў, які кіруе новабудоўлямі ў Менску). На той момант, верагодна, ён ужо быў за кратамі», – адзначае «Вясна».

Жыхара Пружанаў судзяць за некалькі жорсткіх каментароў у тэлеграме пра Лукашэнку і сілавікоў. Палітзняволенага Яўгена Пеляхатага абвінавачваюць па шэрагу пратэсных артыкулаў. Справу будзе разглядаць суддзя Кацярына Груда.

«У судовым раскладзе пазначана, што Пеляхаты з’яўляецца асобай, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, гэта значыць у стане непрытомнасці, або асобай, якае пакутуе на псіхічнае засмучэнне», – піша «Вясна».

Яўгена затрымалі яшчэ 1 чэрвеня 2023 года.

«Падчас затрымання супраць яго былі ўжыты “спецыяльныя сродкі і фізічная сіла”, а з працоўнага кабінета яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве», – пішуць праваабаронцы.

Hавiны
«Абмеркаваныя меры па вызваленні». Азараў перадаў Кізіму спіс «беларускіх партызанаў»
2024.05.02 20:24

Тым часам працягваюць паўторна караць тых, хто ўжо ў зняволенні. Мастака Івана Вярбіцкага зноў будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Іван – мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Яго прызналі вінаватым адразу па некалькіх крымінальных артыкулах і пакаралі 8 гадамі і 1 месяцам калоніі.

«Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму №4. У 2022 годзе яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк. Вынік суда пакуль невядомы. 8 траўня ў Барысаве Івана зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч. Івану могуць дадаць яшчэ два гады зняволення», – піша «Вясна»

Сілавікі затрымалі жыхара Менску. Яго вінавацяць у тым, што нібыта пісаў «негатыўныя каментары» пра ўладу і міліцыянтаў, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», хадзіў на паслявыбарчыя акцыі пратэсту, а таксама даведваўся пра тое, як можна паехаць ваяваць ва Украіну.

У Бабруйску затрымалі футбольнага заўзятара. На відэа, якое сілавікі знялі пад прымусам, мужчына кажа, што ў мінулым быў удзельнікам каляфутбольнага руху бабруйскай «Белшыны», а ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у пратэстах, а пасля прайшоў рэгістрацыю ў чат-боте плана «Перамога».

Разам з тым сілавікі шукаюць усё новых ахвяраў для рэпрэсіяў на мяжы з краінамі ЕЗ. Праваабаронцы паведамляюць пра некалькі выпадкаў, якія адбыліся напрыканцы красавіка.

«Людзей затрымлівалі на беларуска-польскай мяжы, змяшчалі ў ІЧУ, а потым судзілі. Таксама вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расею, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Менску», – піша «Вясна».

Беларускі свет
Лукашэнка забраў маці – малы сын на яе забыўся
2024.04.30 16:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў