Устрымацца ад кантактаў. НАК Украіны сказаў спартоўцам, як паводзіцца з беларусамі на Алімпіядзе


НАК Украіны распрацаваў рэкамендацыі ўкраінскім спартоўцам, як паводзіцца з «нейтральнымі спартоўцамі з краінаў-агрэсараў» на Алімпіядзе ў Парыжы з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

Сярод краінаў-агрэсараў у дакуменце НАК Украіны – Расея і Беларусь. НАК рэкамендуе ўкраінскім спартоўцам, трэнерам, чальцам афіцыйнай дэлегацыі ўстрымлівацца ад непасрэдных кантактаў, што могуць выклікаць правакацыйныя дзеянні, з беларусамі і расейцамі.

Таксама ўкраінцаў заклікаюць не ўдзельнічаць у любых зносінах у сацыяльных сетках і дыскусіях з беларусамі і расейцамі, не дзяліцца і не рэагаваць на іх кантэнт, не публікаваць супольных фота і відэаматэрыялаў, як падчас спаборніцтваў, так і ў пазаспаборны перыяд.

Яшчэ адзін пункт – падчас і па-за цырымоніямі ўзнагароджання, кветкавых цырымоніяў, наколькі гэта магчыма, трымацца на адлегласці і дыстанцыявацца ад прадстаўнікоў Беларусі і Расеі, а таксама ўстрымлівацца ад супольных фота ці відэа, удзелу ў прэс-канферэнцыях, жывых эфірах, калі яны не маюць непарыўнай сувязі з належным правядзеннем спаборніцтваў. Таксама не мусіць быць супольных інтэрв’ю і рэкламных падзеяў.

Hавiны
Без сцягу, гімну і параду. У МАК распавялі, як Беларусь і РФ выступяць на Алімпіядзе
2024.03.19 20:25

«Названыя рэкамендацыі тычацца кантактаў з прадстаўнікамі краінаў-агрэсараў, а таксама іншымі асобамі, якія падтрымліваюць палітыку гэтых краінаў і могуць быць выкарыстаныя ў мэтах прапаганды», – адзначае НАК Украіны.

Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту забараніў беларусам і расейцам выступаць пад сцягамі сваіх краінаў. Дазволены ўдзел толькі ў нейтральным статусе. У канцы красавіка 20 беларускіх спартоўцаў ужо мелі ліцэнзіі на ўдзел у Алімпіядзе ў Парыжы.

Hавiны
Мэр Парыжу заявіла, што спартоўцам з Беларусі і РФ на Алімпіядзе не будуць радыя
2024.03.31 11:58

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў