Беларусы Бельгіі падарылі каліноўцам мікрааўтобус і дроны


У Варшаве прадстаўнікам палка Каліноўскага перадалі падарункі з нагоды Дня беларускай вайсковай славы, што адзначаецца 8 верасня. Акцыю зладзіла дыяспара ў Бельгіі. Сярод падарункаў – мікрааўтобус, дроны і харчы, паведаміў карэспандэнт «Белсату».

Валанцёры разгружаюць мікрааўтобус з падарункамі для байцоў палка Каліноўскага да Дня беларускай вайсковай славы. Варшава, Польшча. 2 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Збор на падарункі зладзіла беларуская дыяспара ў Бельгіі. Кіраўнік Беларуска-еўрапейскага задзіночання, якое знаходзіцца ў Антвэрпэне, Зміцер Піменаў прызнаў, што гэтым разам сабраць грошы было складана, «можа, людзі стаміліся, а можа, сезон адпачынкаў».

Мікрааўтобус, які беларусы Бельгіі перададуць у полк Каліноўскага ва Украіну. Варшава, Польшча. 2 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пры гэтым сродкі прыходзілі і з Партугаліі, і з Вялікай Брытаніі, таксама дапамагалі ўкраінцы, якія жывуць у Бельгіі.

Адна з торбаў з прадуктамі, якія не патрабуюць захоўвання ў лядоўні, якія беларусы Бельгіі перадаюць байцам палка Каліноўскага ва Украіну. Варшава, Польшча. 2 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Прадстаўнікам палка Каліноўскага перадалі мікрааўтобус, дроны і акумулятары да іх. Таксама сярод падарункаў – сродкі гігіены, вітаміны, шакалад і пратэінавыя батончыкі – тое, што трэба на фронце. Маюцца і пакеты з харчамі, якія не патрабуюць захоўвання ў лядоўні. А ад беларусаў Нідэрландаў – у дадатак да ўсяго яшчэ і дзіцячыя малюнкі для ваяроў.

Зміцер Піменаў, кіраўнік Беларуска-еўрапейскага задзіночання, якое знаходзіцца ў Антвэрпэне (злева) і Павел Кухта, прадстаўнік палка Каліноўскага (справа) паціскаюць рукі пасля перадачы падарункаў ад беларусаў Бельгіі для байцоў палка Каліноўскага з нагоды Дня беларускай вайсковай славы. Варшава, Польшча. 2 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Хуткім часам аўтамабіль паедзе ва Украіну. Ужо там кіраўніцтва вызначыць, на якія патрэбы і ў якія месцы на фронце яго лепей накіраваць. Гэта ўжо трэці мікрааўтобус для ваяроў ад беларускай дыяспары ў Бельгіі.

Валанцёры і прадстаўнікі палка Каліноўскага пазіруюць на фоне аўтамабіля, які беларусы Бельгіі набылі для байцоў палка. Варшава, Польшча. 2 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Зміцер Піменаў дапамагаў украінскім ваярам з 2014 года. Калі пачалася актыўная фаза вайны і з’явілася беларускае фармаванне – на той момант батальён Каліноўскага, – стаў дапамагаць яму. Цягам першых трох месяцаў беларусы Бельгіі адправілі ва Украіну мікрааўтобус з амуніцыяй, прыборамі начнога бачання, шаломамі, абуткам.

Рэпартаж
«Трэба вырашаць канкрэтныя пытанні, а не спрачацца, хто галоўны». У Кіеве прайшоў закрыты сход беларускіх ваяроў
2023.08.21 18:49

belsat.eu

Стужка навінаў