Асуджанаму на 19 гадоў калоніі анархісту Дзмітрыю Разановічу дадалі да тэрміну яшчэ 9 месяцаў


Асуджанаму анархісту Дзмітрыю Разановічу дадалі 9 месяцаў зняволення паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК), піша тэлеграм-канал «Права на паўстанне».

Дзмітрый Разановіч.
Фота: belarus_abc / Telegram

Калі адбыўся суд, не ўдакладняецца. Пра новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя Разановіча стала вядома 30 студзеня. Аб падрабязнасцях абвінавачвання не паведамлялася.

Раней паведамлялася, што палітвязня, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі № 22, змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да сакавіка 2024 года.

Дзмітрыя неаднаразова кідалі ў ШІЗА, яго пагражалі перавесці на турэмны рэжым, а таксама пазбавілі спатканняў і перадачаў.

Нагадаем, Дзмітрыя Разановіча затрымалі ў канцы кастрычніка 2020 года. Яго, а таксама анархістаў Ігара АліневічаДзмітрыя Дубоўскага і Сяргея Раманава абвінавацілі ў падпале аддзелу ДАІ ў Мазыры, будынку Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў у Салігорску і аўтамабіляў каля будынку мясцовай пракуратуры ўвосень 2020 года. Ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў, але ўлады абвесцілі здарэнні тэрарыстычнымі актамі.

Менскі абласны суд 22 снежня 2021 года засудзіў Аліневіча і Раманава на 20 гадоў калоніі, Разановіча – на 19 гадоў калоніі, Дубоўскага – на 18 гадоў калоніі.

Артыкул  за «зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» зараз шырока выкарыстоўваецца ў дачыненні да палітвязняў як спосаб не выпускаць іх з месцаў зняволення. Так, на Змітра Дашкевіча за два месяцы да вызвалення ў чарговы раз завялі новую справу, хоць ён мусіў выйсці на волю яшчэ ў ліпені 2023 года.

Адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу ўсё па тым жа арт. 411 КК. Яму таксама могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення да 8-гадовага тэрміну.

Ася Саковіч belsat.eu

 

Стужка навінаў