Лукашэнка прапанаваў будаваць жыллё як у савецкія часы – вакол «салідных прадпрыемстваў»


Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што ў Беларусі могуць увесці змены па будаўніцтве новага жылля. На яго думку, трэба ўзводзіць нерухомасць там, дзе ёсць дэфіцыт работнікаў, як у савецкія часы, вакол «салідных прадпрыемстваў». Аб гэтым палітык заявіў 5 мая падчас наведвання Свята-Ільінскага храма Свята-Успенскага жаночага манастыра ў Воршы.

Аляксандр Лукашэнка ў Свята-Ільінскім храме Свята-Успенскага жаночага манастыра ў Оршы. Орша, 5 траўня 2024 года.
Фота: Пул Первого / Telegram https://t.me/pul_1/12165

«У Воршы і навокал пабудавана столькі прадпрыемстваў, што сёння не хапае працоўных рук. Я ўжо казаў, што мы будзем не проста думаць, а прымаць маштабныя дзеянні, каб забяспечыць працоўнымі рукамі гэтыя прадпрыемствы, гэта значыць ёсць дзе працаваць. І ёсць магчымасць зарабляць для сябе і сваіх дзяцей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Палітык на прыкладзе Воршы расказаў, як можна скарэктаваць будаўніцтва жылля, каб у тым ліку забяспечыць шматлікія прадпрыемствы рабочай сілай.

«Я еду і думаю, што нам давядзецца тут будаваць пабольш жылля, каб прыцягнуць людзей. У іх не хапае людзей. Гадоў 20 таму не было куды падзець – беспрацоўе. Цяпер людзі працаўладкаваныя. А тут прадпрыемстваў шмат. І ў Барані, і паміж Баранню і Воршай. Усюды. І ў сельскай гаспадарцы. Я думаю, нам давядзецца пераарыентавацца і будаваць там, дзе патрэбныя працоўныя рукі. Акрамя шматдзетных і вайскоўцаў. Гэта святое, гэта асобныя чэргі. А астатнія грошы накіраваць на будаўніцтва жытла там, дзе патрэбныя працоўныя рукі».

На думку Аляксандра Лукашэнкі, «трэба будаваць, як гэта правільна ў савецкія часы было: ствараем нейкае прадпрыемства самавітае, а вакол яго – жыллё, каб людзей прыцягнуць, і нармальную зарплату».

Аляксандр Лукашэнка і раней скардзіўся на недахоп працоўных рук. 9 красавіка на нарадзе па прамысловасці ён прапанаваў развязанне праблемы ў запрашэнні на заводы пенсіянераў і вяртанні савецкіх традыцыяў.

Hавiны
Лукашэнка прызнаў дэфіцыт працоўных, праблемы са збытам у Расеі і прапанаваў паклікаць на заводы пенсіянераў
2024.04.09 14:17

Тым часам насельніцтва Воршы няўхільна скарачаецца шмат гадоў. У 2001 годзе ў горадзе пражывала 123 247 чалавек, на 1 студзеня 2024-га, паводле звестак Белстату, – 102 759.

У 2018 годзе насельніцтва Воршы складала 115 052 чалавекі – да пачатку 2024 года яно зменшылася на 10,7 %.

Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2024 года склала 9 млн 155 тысяч 978 чалавек, сведчаць даныя Белстату. На пачатак 2023 года ў краіне, паводле афіцыйных звестак, пражывала 9 млн 200 тысяч 617 чалавек. Такім чынам, за год колькасць жыхароў зменшылася на 44 639 чалавек (- 0,49 %).

На 1 студзеня 2022-га ў Беларусі пражывала 9 млн 255 тысяч 524 чалавек, 2021-га – 9 млн 349 тысяч 645, 2020-га – 9 млн 410 тысяч 259.

Са статыстыкі вынікае, што з пачатку 2020 года колькасць жыхароў скарацілася на 254 тысяч 281.

З 2020 года Белстат не публікуе даныя аб нараджальнасці і смяротнасці. Пра іх можна меркаваць толькі па ўскоснай інфармацыі.

На хвалі рэпрэсій, якімі ўлады адрэагавалі на масавыя пратэсты пасля выбараў, з краіны з’ехала вялікая колькасць грамадзян. Паводле неафіцыйных звестак, лік ідзе на сотні тысяч чалавек.

Аб’ектыў
1 траўня: хто абароніць правы працоўных беларусаў?
2024.05.01 21:15

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў