Украіна зможа перайсці ў 2025 годзе ў новае контрнаступленне, дзякуючы ваеннай дапамозе ЗША ў памеры 61 мільярда долараў, якая дапаможа пакласці канец поспехам Расеі ў гэтым годзе. Такой думкі прытрымліваецца дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван, піша ў нядзелю, 5 траўня, газета Financial Times.
Выступаючы напярэдадні на арганізаваным гэтым выданнем мерапрыемстве FT Weekend Festival у Вашынгтоне, Джэйк Саліван прызнаў, што, нягледзячы на новы пакет фінансавання, ухвалены ЗША ў красавіку, у бліжэйшы час ён чакае працягу расейскага прасоўвання на полі бою, паколькі для змены сітуацыі немагчыма проста «пстрыкнуць выключальнікам».
Аднак, паводле яго слоў, дзякуючы новай дапамозе Вашынгтона Кіеў зможа трымаць абарону і супрацьстаяць расейскаму нападу цягам 2024 года. А ўжо ў 2025 годзе Украіна мае намер «рухацца наперад», каб адваяваць захопленую расейскімі войскамі тэрыторыю, указаў Джэйк Саліван.
Яго каментары аб патэнцыйным контрнаступленні Украіны Financial Times называе найбольш дакладным выразам таго, як Белы дом бачыць развіццё канфлікту, калі на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе пераможа дзейны кіраўнік дзяржавы Джо Байдэн.
Выданне падкрэслівае, што наступленне Украіны ў 2025 годзе будзе залежаць ад павелічэння фінансавання з боку Кангрэса і адабрэння з боку Белага дома. Аднак далейшая падтрымка можа аказацца пад пагрозай у выпадку перамогі Дональда Трампа, які скептычна ставіцца да дапамогі Украіне і абяцаў хутка спыніць канфлікт шляхам перамоваў, адзначае амерыканская газета.
Ася Саковіч belsat.eu