«З Беларусі не можа быць агрэсіі». Кіраўнік МЗС «не заўважыў» нападу войскаў РФ на Украіну з нашай тэрыторыі


Міністр замежных справаў нашай краіны Сяргей Алейнік заявіў, што «з тэрыторыі Беларусі не можа быць здзейсненая аніякая агрэсія». Ён сказаў так у інтэрв’ю расейскаму прапагандысцкаму агенцтву «РИА Новости». Чыноўнік не растлумачыў, як гэтыя «непарушныя пастулаты» спалучаюцца з фактам нападу расейскіх войскаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 года.

Сяргей Алейнік, міністр замежных справаў Беларусі.
Фота: БелТА

«Беларусь заўсёды была і застаецца міралюбіваю дзяржаваю. З тэрыторыі Беларусі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць пагроза. Згодна з нашаю Канстытуцыяй, з тэрыторыі Беларусі не можа быць здзейсненая аніякая агрэсія. Гэта непарушныя пастулаты», – заявіў кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік.

Ён пры гэтым ніяк не згадаў факту ўварвання расейскіх вайскоўцаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе і запускі ракетаў з нашай краіны.

У 2020 годзе ў інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону Лукашэнка абяцаў, што «ніколі» расейскія войскі не прыйдуць ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, «асабліва са зброяй».

Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26

У інтэрв’ю расейскаму прапагандысцкаму агенцтву «РИА Новости» Алейнік таксама выказаў надзею на ўзнаўленне мірных перамоваў паміж Кіевам і Масквою.

«Будзем спадзявацца, што рана ці позна гэтыя перамовы ўзновяцца, але ўзновяцца сапраўды ў слушным фармаце, паміж Расеяй і Украінай, вядома, і мы сябе бачым часткай гэтага працэсу, бо гэты канфлікт непасрэдна закранае і Беларусь», – сказаў міністр.

Ён адзначыў, што Беларусь гатовая зладзіць такія перамовы ў сябе, аднак пакуль, з ягоных словаў, бракуе «палітычнай волі ўкраінскага кіраўніцтва».

Гаворачы пра «слушны фармат» перамоваў, Алейнік, імаверна, меў на ўвазе мірную канферэнцыю ў Швейцарыі, куды не запрасілі ані Расею, ані Беларусь, і такім чынам даў зразумець, што такі фармат «няслушны».

Міжнародная канферэнцыя мае адбыцца ў Швейцарыі 15–16 чэрвеня. Плануецца абмеркаваць «усёабдымны, справядлівы і трывалы мір для Украіны», а таксама тое, як гэтага міру дасягнуць. Як паведамлялася, на канферэнцыю будуць запрошаныя да 100 краінаў.

Hавiны
Кіраўнік МЗС Беларусі раскрытыкаваў ідэю мірнага саміту ў Швейцарыі
2024.05.04 18:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў