Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з афіцыйнымі асобамі NATO


7 траўня адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з генеральным сакратаром Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы Енсам Стольтэнбэргам. У сустрэчы таксама браў удзел прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з афіцыйнымі асобамі NATO.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

У рамках Паўночнаатлантычнай рады Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для сталых прадстаўнікоў усіх краінаў – удзельніц Альянсу дзеля абмену думкамі пра крызіс у Беларусі і перспектывы наладжвання дыялогу дэмакратычнага руху Беларусі і NATO на палітычным парадку дня.

«Я радая, што гэтая сустрэча адбылася і што ў дэмакратычных сілаў Беларусі завязваецца такі дыялог. У падмурак Альянсу закладзеныя блізкія беларусам каштоўнасці: індывідуальная свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права, – сказала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету. – Я думаю, кожнай еўрапейскай краіне неабходна выбудоўваць паважлівыя, канструктыўныя адносіны з NATO. Гэта важна для нацыянальных інтарэсаў і падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Мне б хацелася, каб Беларусь успрымалі як надзейнага мірнага прадказальнага партнёра».

Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з афіцыйнымі асобамі NATO.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Валер Кавалеўскі, намеснік Ціханоўскай, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах, зазначыў, што пачатак дыялогу з NATO стаўся вынікам працы Кабінету, накіраванай на пашырэнне супрацы з міжнароднымі арганізацыямі.

«На працягу ўжо 75 гадоў NATO ёсць найважнейшым фактарам бяспекі і стабільнасці ў Еўропе. Мы абавязаныя інфармаваць міжнародную супольнасць пра выклікі для нашай краіны», – сказаў Кавалеўскі.

Кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг высока ацаніў адвагу і лідарства Святланы Ціханоўскай у адстойванні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Ён выказаў занепакоенасць у сувязі з новымі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу яшчэ раз падкрэсліў, што народ Беларусі мае права жыць у свабодзе і дэмакратыі.

Hавiны
Ціханоўская сустрэлася з уладамі Мальты, якая старшынюе ў АБСЕ
2024.05.03 18:29

Стольтэнбэрг таксама абмеркаваў з дэлегацыяй беларускіх дэмакратычных сілаў супраціў Ціханоўскай размяшчэнню расейскай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі.

«Падтрыманне Менску была важным для Расеі, забяспечвала расейскім сілам тэрыторыю і інфраструктуру для нападу на Украіну і вядзення агрэсіўнай вайны», – сказаў кіраўнік NATO.

Саюзнікі з NATO заклікалі Беларусь спыніць свой саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны і выконваць міжнароднае права. Саюзнікі таксама асудзілі абвешчаны Расеяй намер размясціць на тэрыторыі Беларусі ядравую зброю.

Hавiны
Беларускія дэмакратычныя сілы і Еўрапарламент падпісалі пагадненне аб супрацы
2024.05.03 12:15

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў