Гомельскія дызель-цягнікі не могуць перасоўвацца самастойна. Прычына – у расейскіх устаноўках


Гомельскае выданне «Флагшток» звярнула ўвагу, што саставы рэгіянальных дызель-цягнікоў перасталі рухацца па маршрутах самастойна – іх перасоўваюць дадатковыя лакаматывы. Сітуацыю пракаментавала Таварыства чыгуначнікаў Беларусі.

Дызель-цягнік № 6474 Калінкавічы – Гомель. ДР1Б-506 з цеплавозам ЧМЭ3-2815. Станцыя Цэнтраліт, Гомельская вобласць. 1 траўня 2024 года.
Фота: Андрэй Каленчыкаў / railgallery.ru

Прычына, паводле экспертаў, – у няспраўнасці сілавой устаноўкі і цягавага прываду. На дызель-цягніках серыяў ДР1А і ДР1Б у прыпісным парку лакаматыўнага дэпо «Гомель» у якасці сілавой устаноўкі выкарыстоўваецца дызельны рухавік вытворчасці ПАТ «Звезда» (Санкт-Пецярбург, Расея). Цягавым прывадам выступае гідраўлічная перадача вытворчасці Калужскага заводу калейных машынаў і гідрапрывадаў.

«Асноўныя цягавыя агрэгаты, няспраўнасць якіх прымушае кіраўнікоў ісці на найгрубейшыя парушэнні з патэнцыйна цяжкімі наступствамі, вырабляюцца ў Расеі, замяніць іх няма чым. Пры гэтым, нават калі ў Беларускай чыгункі знойдуцца тыя немалыя сумы, якія патрабуюць расейскія вытворцы за сваю прадукцыю, апошнія не імкнуцца праводзіць адпаведныя ўгоды», – кажуць у Таварыстве чыгуначнікаў.

Паводле экспертаў Таварыства, выпуск на маршрут цягнікоў з няспраўнасцю прываду перасоўвання – парушэнне і «фактычна злачынства» чыгуначных начальнікаў згодна з асноўным дакументам Беларускай чыгункі – Правіламі тэхнічнай эксплуатацыі чыгуначнай дарогі ў Рэспублікі Беларусь.

«Гэта не проста надуманыя патрабаванні, а рэальныя тэхнічныя абмежаванні, якія маюць беспасярэдні ўплыў на бяспеку», – падкрэсліваюць эксперты і зазначаюць, што такая практыка можа прывесці да трагедыяў.

Hавiны
«У кабіне цягніка абразіў Лукашэнку». Машыніста пакаралі 2 гадамі «хіміі» за каментар
2024.02.19 14:55

Правіла тэхнічнай эксплуатацыі ўтрымліваюць патрабаванні да лакаматываў, якія «выдаюцца» пад пасажырскія цягнікі. На іх абавязкова павінны быць прылады кіравання электрапнеўматычным тармажэннем. Такіх прыладаў няма на цяжкавых і манеўровых лакаматывах.

«Агулам эксплуатацыя, напрыклад, манеўровага лакаматыву з пасажырскім цягніком, паводле элементарнай логікі, не бяспечная», – сцвярджаюць эксперты Таварыства чыгуначнікаў і дадаюць, што «любое дзеянне машыніста, звязанае са змяненнем хуткасці – набор пазіцыяў ці тармажэнне, адчуваецца пасажырам літаральна і можа прывесці да траўмавання».

Паводле чыгуначнікаў, сітуацыя ў Гомлі – прыклад «давядзення БЧ да поўнай разрухі, і казаць пра нейкае яе развіццё і мадэрнізацыю не даводзіцца».

Hавiны
На беларуска-расейскай мяжы невядомыя падпалілі рэлейныя шафы
2024.04.19 19:53

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў