Міжнародныя спартовыя арганізацыі хочуць верыфікаваць патэнцыйных удзельнікаў Алімпіяды


Некалькі міжнародных спартовых арганізацыяў ініцыявалі стварэнне сваіх крытэраў верыфікацыі патэнцыйных удзельнікаў з Беларусі і Расеі ў Алімпіядзе-2024 у Парыжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мерапрыемства з нагоды 100-дзённага зваротнага адліку да летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Пекін, Кітай. 17 красавіка 2024 года.
Фота: Hernan Liu / Imago Sport / Forum

Гэта супольны праект Беларускага фонду спартовай салідарнасці з «Global Athlets» (Канада), «Athletes for Ukraine» (Украіна) і «Open Society Foundation» (ЗША). Яго стварылі ўдзельнікі лютаўскай канферэнцыі «Play the Game 2024» у нарвежскім Тронгэйме. Мэта – з адкрытых крыніцаў збіраць і аналізаваць інфармацыю пра кожнага атлета як да, гэтак і пасля Алімпійскіх гульняў, падтрымліваючы найвышэйшыя стандарты сумленнасці і нейтральнасці ў спорце. Чаму ўзнікла патрэба стварыць камісію з такімі функцыямі, якія ўзяў на сябе – хай і месяц пазней – МАК?

«Тут справа палягае ў тым, – адзначае ў інтэрв’ю «Белсату» кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін, – што афіцыйная Камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту працуе вельмі непублічна, і грамадства не можа ведаць, якія там адбываюцца працэсы ў гэтай верыфікацыі. А ідэя нашага праекту ў кааліцыі палягае ў тым, каб стварыць менавіта грамадскі незалежны орган з грамадзянскім жа кантролем, які будзе адкрыта займацца працэсам вызначэння годнасці спартоўца паводле ўсіх крытэраў. І калі мы атрымаем нейкую інфармацыю, то натуральна будзем звяртацца да Міжнароднага алімпійскага камітэту з нашымі фактамі, якія знайшлі ў пытаннях парушэння нейтральнасці».

Меркаванні
Лукашэнка дазволіў беларускім спартоўцам ехаць на Алімпіяду
2024.05.02 18:33

Колькі дакладна будзе гэтых атлетаў, пакуль невядома, але МАК пастанавіў кіравацца правіламі, якія ўстанавіў 19 сакавіка гэтага года. Тады ў швейцарскай Лазане былі прынятыя адмысловыя нормы для выступу індывідуальных нейтральных спартоўцаў у ХХХІІІ Летніх гульнях. Дзеля гэтага МАК і зацвердзіў Індывідуальную нейтральную камісію (AINERP) для ацэнкі права кожнага атлета з расейскім ці беларускім пашпартам прэтэндаваць на ўдзел у чарговых Алімпійскіх гульнях. У склад яе ўвайшлі тры чальцы: Нікол Гувэртс, віцэ-прэзідэнтка МАК, якая і будзе старшынстваваць у гэтай камісіі, Паў Гасоль, прадстаўнік Камітэту этыкі МАК, і Сынг Мін Ю, дэлегат ад камісіі спартоўцаў МАК. Працу AINERP падтрымае Пакерэт Жырар Запэлі, якая з 2002 года працуе ў МАК дырэктаркай у справе этыкі і захавання патрабаванняў Міжнароднага алімпійскага камітэту. Францужанка будзе выконваць функцыі сакратара камісіі.

У той жа дзень было заяўлена, што на Алімпіяду ў Парыжы дапусцяць максімум 55 расейскіх спартоўцаў і 28 беларускіх. Хаця на думку дырэктара дэпартаменту МАК у сувязях з нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі Джэймза Маклаўда, у найлепшым выпадку пуцёўкі атрымаюць 36 расейцаў і 22 беларусы (апошнія на сёння маюць ужо 20 алімпійскіх ліцэнзіяў). Але выкананне кваліфікацыйных нормаў – умова не канчатковая. Той жа спадар Маклаўд адзначыў, што гэтыя лічбы не ўлічваюць спецыяльнага працэсу правярання МАК, які будзе канчаткова вызначаць магчымасць удзелу ў Алімпіядзе кожнага канкрэтнага нейтральнага спартоўцы. Цікава, што, паводле Джэймза Маклаўда, МАК не будзе патрабаваць ад расейцаў падпісваць дакумент пра асуджэнне вайны:

«Мы не будзем прасіць спартоўцаў падпісваць што-небудзь у дадатак да таго, што падпісваюць усе астатнія. А гэта – менавіта і толькі пагадненне з мірнаю місіяй Алімпійскага руху, што мусіць датычыць кожнага спартоўца, які паедзе на Гульні».

У Камісіі, створанай з удзелам Беларускага фонду спартовай салідарнасці, мера вызначэння будзе больш строгая.

«У нас у ліпені ўжо будуць спісы ўсіх атлетаў з Беларусі і Расеі, якія атрымалі ліцэнзіі. Натуральна, можна будзе кожнаму даваць ацэнку, ці былі ў іхных ранейшых дзеяннях выпадкі парушэння нейтральнасці, – кажа Аляксандр Апейкін. – Рабіць гэта будзем абсалютна адкрыта і аб’ектыўна. Аніякай ангажаванасці, толькі факты. Кантроль будзе і да, і пасля Алімпійскіх гульняў».

Гэтая ініцыятыва датычыць толькі пункту Міжнароднага алімпійскага камітэту пра забарону падтрымання вайны. Ніякага дадатку пра тое, каб устрымацца ад запрашэння на Алімпіяду беларускіх спартоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, там, вядома, не будзе. Бо прасунуць гэта цяпер, паводле спадара Апейкіна, проста не ўдасца, бо МАК як мае быць такое не ўспрыме.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў