Цяпер без пасярэднікаў: «Wildberries» сабраў беларускія тавары ў асобны раздзел


«Wildberries» стварыў адмысловы раздзел «Зроблена ў Беларусі» з таварамі толькі беларускай вытворчасці. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

Фота: Sergei Elagin / Shutterstock.com

Як заявілі ва «Wildberries», канцэпцыя скіраваная на прасоўванне беларускіх тавараў і дазволіць пакупнікам набываць якасную прадукцыю паводле зніжаных цэнаў без удзелу пасярэднікаў.

«У беларускіх тавараў добрая рэпутацыя на рынку ЕАЭС. Мы імкнёмся падтрымліваць усіх прадаўцоў-экспарцёраў з краінаў нашай прысутнасці, пашыраць рынкі збыту і забяспечваць попыт», – адзначылі ва «Wildberries».

Трапіць у раздзел «Зроблена ў Беларусі» могуць вытворцы або гандлёвыя дамы ад вытворцы. Форма ўласнасці прадпрыемстваў, чые тавары атрымаюць спецыяльную маркіроўку, значэння не мае. Верыфікаваць вытворцаў будзе Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

Расейскія маркетплэйсы працягваюць актыўна асвойваюць рынак Беларусі. Беларускі бізнес ідзе на новыя пляцоўкі, пакупнікі выстойваюць чэргі ў пунктах выдачы тавараў, а дзяржава прыдумляе, як на гэтым усім зарабіць.

У верасні 2023 года кампанія адчыніла чацвёрты сартавальны цэнтр у Беларусі – у Берасці (да гэтага ўжо існавалі лагістычныя цэнтры ў Менску, Менскім раёне і Гомлі). А ў канцы лістапада 2023-га ва «Wildberries» заявілі, што збіраюцца пабудаваць у краіне найбуйнейшы размеркавальны цэнтр сваёй кампаніі. Яго плошча, як мяркуецца, зойме каля 120 тысячаў квадратных метраў, размясціцца ён у індустрыйным парку «Вялікі камень».

Гэтую ўгоду ўжо назвалі найбуйнейшай у гісторыі індустрыйнага парку і найбольш значнай у Беларусі за 2023 год. Усяго ж агульная колькасць пунктаў выдачы замоваў «Wildberries» станам на жнівень 2023 года была большаю за 900.

Агляд
Бум маркетплэйсаў у Беларусі: сакрэт поспеху і прагнозы на будучыню
2023.12.02 08:40

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў