Літоўскія памежнікі на мяжы з Беларуссю за содні 10 верасня затрымалі 107 нелегальных мігрантаў. Пра гэта паведамляе літоўскае выданне LRT са спасылкаю на Службу аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT). У пятніцу на латвійскай мяжы былі зафіксаваныя 15 спробаў нелегальна мінуць мяжу, а польскія памежнікі развярнулі 29 мігрантаў.
VSAT сцвярджае, што беларускія чыноўнікі актыўна спрыяюць нелегальнай міграцыі ў Літву і ЕЗ – давозяць замежнікаў да мяжы і накіроўваюць на тэрыторыю суседняй краіны.
Усяго з 3 жніўня мінулага года, калі VSAT атрымала права вяртаць нелегальных мігрантаў, больш за 14,2 тысячы з іх не прапусцілі ў Літву з Беларусі. Некаторыя замежнікі не раз спрабавалі трапіць у краіну.
Нагадаем: летась з Беларусі ў Літву нелегальна прыбылі амаль 4,2 тысячы чалавек мігрантаў. Літва называе наплыў мігрантаў з Беларусі год таму гібрыднай атакай менскага рэжыму.
Антон Тачняк belsat.eu