У Менску пачаўся завочны суд паводле справы Каардынацыйнай рады


У Менскім гарадскім судзе пачаўся завочны працэс паводле справы Каардынацыйнай рады, перадае БелТА. Фігуранты – Святлана Ціханоўская, Марыя Мароз, Павел Латушка, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі. Агулам іх вінавацяць паводле 12 артыкулаў.

Пасяджэнне Менскага гарадскога суда паводле справы Каардынацыйнай рады. 17 студзеня 2023 года.
Фота: БелТА / belta.by

БелТА адзначае, што ніводны з фігурантаў «не з’явіўся на пасяджэнне, нягледзячы на тое, што ім належным чынам паведамілі аб даце, месцы і часе» судовага працэсу.

Святлану Ціханоўскую, Марыю Мароз, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага вінавацяць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні такім фармаваннем, у публічных закліках да санкцыяў, распальванні варажнечы.

Пасяджэнне Менскага гарадскога суда паводле справы Каардынацыйнай рады. 17 студзеня 2023 года.
Фота: БелТА / belta.by

Абранай прэзідэнтцы Беларусі асобна ставяць у віну падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках і ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама перашкоду працы Цэнтрвыбаркаму і здраду дзяржаве.

Справу разглядае суддзя Пётр Арлоў.

Адвакат з прымусу

Суд разгледзеў заяву Латушкі пра адвод ягонаму адвакату. Палітык адзначыў, што з гэтым абаронцам пагаднення не падпісваў, і папрасіў даць магчымасць абараняць сябе самастойна. Адвакат хадайніцтва падтрымаў, абгрунтаваўшы тым, што мусіць прытрымлівацца пазіцыі свайго падабароннага. Пракурор выступіў супраць. У выніку просьбу Латушкі суд адхіліў.

Суд – працягнуць

Адвакаты Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі заявілі хадайніцтвы аб спыненні вытворчасці паводле крымінальнай справы. Абаронцы Марыі Мароз і Сяргея Дылеўскага прапанавалі вырашыць пытанне на меркаванне суда. Дзяржаўны абвінаваўца зноў быў супраць. Вынік – абодва хадайніцтвы суд пакінуў без задавальнення.

Працэс ладзяць паводле працэдуры спецыяльнага вядзення, якая дазваляе завочныя суды над асобамі, што цяпер за мяжою.

Раней Ціханоўская назвала завочныя суды «чарговым злачынствам супраць народу» і заявіла, што ўсе асуджаныя на такіх судах беларусы будуць рэабілітаваныя.

Святлана Ціханоўская пракаментавала пачатак суда ў сваім тэлеграм-канале: «Пра працэс мне і маёй камандзе ўдалося высветліць няшмат. Пра суд я даведалася са СМІ, а не з афіцыйнага паведамлення. Мне адмовілі ў праве ўдзельнічаць у паседжанні, а таксама атрымаць копіі абвінавачання і пратаколаў. А імя і прозвішча майго «абаронцы», прызначанага судом, мне паведамілі толькі ў мінулую пятніцу. З улікам выходных мне проста не пакінулі магчымасці абмеркаваць з адвакатам стратэгію абароны. Вось такое «правасуддзе».

Але і гэта – не ўсё. Прызначаны адвакат, нягледзячы на мае спробы з ім звязацца, на сувязь так і не выйшаў. Як ён збіраецца мяне бараніць? Упэўнена, што гэта і не ўваходзіла ў ягоныя планы.

Што я хачу сказаць усім, хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе, ад замоўцаў справы да суддзяў, пракурораў, следчых і таго самага абаронцы: я ведаю, што сваімі дзеяннямі вы спрабуеце запалохаць і дыскрэдытаваць мяне. Але вы толькі даяце прамыя доказы сваіх злачынстваў супраць народу Беларусі».

Hавiны
Генпракуратура накіравала ў суд справу Ціханоўскай, Латушкі і іншых чальцоў КР
2022.12.16 14:23

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў