Адказнасць за страляніну ў сталіцы Бельгіі вечарам 16 кастрычніка ўзяў на сябе чалавек, які назваўся чальцом тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы», піша «Reuters».
Каля 19:15 у цэнтры Бруселю невядомы адкрыў агонь па людзях. Паводле сведкаў, нападнік быў у яскравай аранжавай куртцы, крычаў «Алаху акбар».
Загінулі два грамадзяніны Швецыі, яшчэ адзін чалавек (кіроўца таксі) атрымаў раненні. Нападнік, паводле медыяў, меў аўтамат Калашнікава.
У сацыяльных сетках неўзабаве з’явілася відэа, на якім мужчына бярэ на сябе адказнасць за тэракт, называе сябе чальцом тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы» і хваліцца, што забіў шведаў.
Асобу нападніка не пацвердзілі, падазраванага на момант публікацыі не затрымалі. Узровень тэрарыстычнай пагрозы ў Бруселі падвысілі да максімальнага.
Абноўлена. Сілавікі правялі спецаперацыю ў затрыманні падазраванага, той памёр па затрыманні.
На здарэнне адрэагавалі лідары Бельгіі, Швецыі, Францыі і Італіі.
Па словах прэм’ер-міністра Бельгіі, нападнік быў туніскага паходжання, знаходзіўся ў каралеўстве нелегальна, нацэльваў атаку менавіта на шведаў. Францыя сабралася ўзмацніць кантроль на мяжы з Бельгіяй.
Тэракт адбыўся незадоўга да футбольнага матчу зборных Бельгіі і Швецыі. Ахвярамі сталі, паводле медыяў, футбольныя фанаты. Гульню адклалі. Усе шведы ў Бельгіі атрымалі тэкставыя паведамленні на тэлефоны з заклікам быць пільнымі.
Тэракт адбыўся на тле вайны Ізраілю з тэрарыстамі «Хамас», але, імаверна, звязаны не з гэтай вайной: магчыма, прычынай маглі быць інцыдэнты са спаленнем Карану ў Швецыі некалькі месяцаў таму.
Алесь Наваборскі belsat.eu