У Берасці адбыўся экспрэс-суд над двума фігурантамі «карагоднай справы»


17 траўня ў Берасці адбыўся судовы працэс над чарговымі фігурантамі «карагоднай справы» – Андрэем Уласавым і Юліяй Сувалкай. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

Згодна з версіяй абвінавачання, Андрэй Уласаў і Юлія Сувалка ў групе з іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Нібыта іх дзеянні былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў. Акурат такую ж фармулёўку абвінавачання выкарыстоўваюць і ў дачыненні іншых фігурантаў «карагоднай справы».

Суд над Андрэем і Юліяй стаў самым хуткім сярод усіх судовых працэсаў у «карагоднай справы» – ён скончыўся менш чым праз гадзіну.

Падчас спрэчак пракурорка Алена Ціхановіч прасіла суд прызнаць Андрэя Уласава і Юлію Сувалку вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і прызначыць кожнаму па 3 гады «хатняй хіміі» – абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Віктар Новік доўга не думаў і менавіта такое пакаранне і прызначыў.

Hавiны
Фігурантка «карагоднай справы» Марына Глазава адбыла тэрмін пакарання
2022.04.23 12:53

Нагадаем, 13 верасня 2020 года падчас Маршу герояў у Берасці ўдзельнікі шэсця зладзілі вялікі карагод на скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і праспекту Машэрава. Сілавікі разагналі акцыю вадамётам, а ўдзельнікаў пачалі пераследаваць у крымінальным парадку.

Суды над фігурантамі «карагоднай справы» адбываюцца як на канвееры – людзей судзяць «партыямі». Праваабаронцы называюць гэтую справу адной з самых масавых палітычных справаў у гісторыі Беларусі. Усяго прысуды ў «карагоднай справе» вынеслі 129 асобам.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў