У выніку абстрэлу ўкраінскай сталіцы расейскімі войскамі ёсць пацярпелыя, якія былі параненыя аскепкамі балістычнай ракеты. Абстрэл здарыўся ў светлы час дня.
У Паветраных сілах Украіны заявілі, што каля 10:30 паводле мясцовага часу расейскія войскі абстралялі Кіеў дзвюма балістычнымі ракетамі з акупаванага Крыму.
«Цэлі знішчаныя, тып высвятляецца», – гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначылі ў Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі, у шэрагу раёнаў гораду ўпалі аскепкі ракетаў. У выніку былі пашкоджаныя шматпавярховы будынак у Саломянскім раёне ўкраінскай сталіцы, прыватная забудова ў Дарныцкім раёне і шматпавярховы нежылы будынак у Пячэрскім раёне Кіева.
Вядома пра сем параненых асобаў. З іх дзве шпіталізаваныя. Разбор завалаў працягваецца.
Нагадаем, 22 сакавіка Расея ўчыніла самую маштабную з пачатку вайны атаку на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру. Былі пашкоджаныя аб’екты ў Харкаве, Дняпры, Запарожжы, Хмяльніцкай і Вінніцкай вобласцях. Пад удар трапіла дамба Дняпроўскай ГЭС.
Якуб Хруст belsat.eu