«Чалавеку можна стварыць пякельныя ўмовы нават у пентхаусе». Ці зменіцца штосьці для вязняў пасля закрыцця Валадаркі?


Ініцыятыва dissidentby паведаміла пра расфармаванне СІЗА №1 на Валадарскага ў цэнтры Менску. Там з 24 красавіка перасталі прымаць перадачы. Вязняў перавязуць у Магілёў і Жодзіна, а таксама ў Калядзічы, дзе пабудавалі новы следчы ізалятар. Паводле звестак dissidentby, у СІЗА на Валадарскага знаходзяцца найменей як 42 палітвязня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калідоры ў СІЗА-1 на Валадарскага. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пад Менскам і перадачы Пішчалаўскага замку ў распараджэнне Менгарвыканкаму вяліся яшчэ з канца 1990-х гадоў. Замак меўся быць адрэстаўраваны, а ўсё астатняе планавалася знесці. Новае СІЗА мусіла паўстаць у прамысловай зоне «Калядзічы», але ўвядзенне ў эксплуатацыю ўвесь час пераносілі.

Прадстаўнікі BYPOL паведамлялі, што на будаўніцтва СІЗА-1 і рэспубліканскай агульнасаматычнай больніцы ў 2023 годзе будзе выдаткавана больш як 52 млн рублёў (18,7 млн долараў паводле планаванага сярэдняга курсу на 2023 год).

Пра тое, якія ўмовы на Валадарцы і ці будзе вязням лепш у турмах, куды іх зараз пераводзяць, у каментары «Белсату» распавядае праваабаронца dissidentby Вячаслаў Касінераў, які і сам калісьці адбываў содні ў Пішчалаўскім замку.

Па словах нашага суразмоўцы, умовы ўтрымання вязня часта залежыць ад таго, якія адносіны да чалавека з боку адміністрацыі.

«Мне напрыклад прадольныя – людзі, якія ахоўваюць калідор, ці «прадол» – так і казалі: вы ў нас «асаблівы» кліент. Таму і стаўленне да мяне было «асаблівым». Зразумела, што нічога добрага гэта не падразумявае, гэта звязана з дадатковымі абмежаваннямі, праверкамі і гэтак далей. У тым ліку, што самае галоўнае, гэта звязанае з тым, у якой камеры ты знаходзішся і з кім. Часцей за ўсё палітычных абкладаюць з усіх бакоў людзьмі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Проста паразмаўляўшы з кімсьці і сказаўшы нешта не тое, праз некаторы час ты можаш трапіць у ізалятар. Часта на цябе аказваюць пастаянны псіхалагічны ціск. Уявіце: 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень ты знаходзішся ў адным невялікім закрытым памяшканні з чалавекам, які ўвесь час спрабуе на цябе псіхалагічна ціснуць, атрымаць ад цябе нейкую інфармацыю. Быў у маёй камеры такі персанаж. Для псіхікі гэта дастаткова моцнае напружанне. Чалавек вучыцца ў такіх умовах трымаць язык за зубамі, кантраляваць свой псіхічны стан. Бо калі там узнікае канфлікт, то гэта адразу ізалятар і дадатковыя абмежаванні. Ці чалавек не вучыцца, але тады ў яго ўзнікае больш праблем. Чалавек ламаецца, і тады яго можна раскруціць на нейкія звесткі, ажно да таго, каб навесіць новыя артыкулы», – распавядае Вячаслаў Касінераў.

Новае СІЗА ў Калядзічах пад Менскам, Беларусь.
Фота: Онлайнер

Ён узгадвае: самі камеры на Валадарцы выглядаюць жудасна. Ёсць адміністрацыйнае крыло, больш-менш адрамантаванае. Але праходзіш пэўную рысу – і пачынаецца абшарпаны замак, жудасныя калідоры і сцены. Людзей праводзяць праз халодныя сырыя склепы, дзе яны бяруць бялізну, нейкія рэчы. Там жа людзі чакаюць, калі іх размяркуюць па камерах.

«Камеры ёсць розныя. Я знаходзіўся ў камеры, разлічанай на чатырох чалавек. Яна заўсёды была перапоўненая, там пастаянна было мінімум 5-6 чалавек. Там створаныя ўсе ўмовы, каб ты адчуваў інфармацыйны голад. Па вуглах камеры – цвіль і павуціна. Асабліва жорсткая рэч, якая парушае ўсе магчымыя канвенцыі і правы чалавека – гэта «раснічкі» на вокнах, калі ты нават у сонечны дзень можаш пабачыць толькі праменьчык святла. Гэта спецыяльныя металічныя заслонкі, якія ставяцца дадаткова зверху на рашоткі. Шкло, слой рашоткі, слой дроту, а зверху яшчэ і гэтыя «раснічкі», якія не даюць магчымасці нават на 1 см пабачыць тое, што адбываецца на вуліцы», – узгадвае наш суразмоўца.

Самым цяжкім для яго падчас зняволення былі не ўмовы, а пастаянны псіхалагічны ціск.

«У прынцыпе, чалавек прывыкае да ўсяго, і ўмовы на Валадарцы можна перажыць. Але калі тваю нервовую сістэму ўвесь час намагаюцца трымаць у тонусе, гэта адкладае пэўны адбітак. Адзін з самых жудасных успамінаў: калі ты ляжыш, спіш і ў сне бачыш, што ты дома, у 5 ранку пачынаюць шумець першыя калідорныя, якія развозяць хлеб. Ты скрозь сон дакранаешся рукой ці нагой да халоднай нары – і цябе выкідае ў рэальнасць, у халодную камеру. І знаходзіцца табе тут яшчэ пэўны тэрмін, часта яшчэ нявызначаны», – кажа Вячаслаў Касінераў.

зона.бел
Правілы дыктуюць «палітычныя». Распавядаем пра СІЗА № 1, дзе з 1825 года трымаюць палітвязняў
2022.09.20 10:03

Цяпер, калі Валадарку расфарміроўваюць, вязняў перавядуць у турмы Магілёву, Жодзіна і Калядзічаў.

«Умовы паўсюль адрозніваюцца, але падкрэслю – умовы ствараюцца пад людзей, нават у межах адной турмы ці калоніі. Адміністрацыя для сябе маркіруе чалавека і ў залежнасці ад таго, на якім ён рахунку (ці ён асабісты вораг Лукашэнкі, ці трапіў за краты за марш), да яго ствараецца пэўнае стаўленне з боку адміністрацыі і вязняў, якія з ёй супрацоўнічаюць. І ад гэтага залежыць усё: рэжым перадачы ці не перадачы лістоў, атаварка, пералік грошай на рахунак», – адзначае наш суразмоўца.

Ёсць звесткі, што ў Жодзіна зараз вялікая перанаселенасць. У камерах на 8 чалавек заўсёды не менш 10-ці. Атаварка там вельмі бедная, і большасць людзей намагаецца дапамагаць вязням пералікам грошай ці замаўляюць нешта самі. У Магілёве апошнім часам узмацнілася жорсткасць у правілах пераліку грошай: цяпер там не прымаюць пералікі не ад сваякоў. Хоць па заканадаўстве гэта ніяк не рэгламентавана.

«Але ў іх заўсёды ёсць адмазка: яны кажуць пра «унутраны распарадак». А ўнутраны распарадак яны могуць напісаць які заўгодна, ён фармуецца начальнікам турмы ці калоніі, а яны як хочуць, так і пляшуць. Таму варта разумець, што за чалавек трапляе за краты, каб зразумець, якія ўмовы ў яго там будуць. Напрыклад, у калоніях практыкуецца рэжым інкамунікада, калі пра чалавека няма наогул ніякіх звестак, нават тое, ці жывы ён наогул. Гэта тычыцца найперш персанальных ворагаў рэжыму», – кажа Вячаслаў Касінераў.

Ізалятар у Калядзічах пабудавалі нядаўна, выдаткаваўшы на гэта некалькі мільёнаў долараў. Магчыма, у новым будынку вязням будзе лепей, чым у старым?

«Я думаю, чалавеку можна стварыць невыносныя пякельныя ўмовы нават у пентхаусе. Проста да гэтага трэба падысці з доляй перакручанага садызму і крэатыву. Гэтым і займаюцца служкі Лукашэнкі ў адносінах да палітвязняў. Нават у новым будынку будуць існаваць жудасныя ізалятары», – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 07:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў