Расейцы прарываюцца пад Аўдзееўкай і ў Краснагораўцы. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 792-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец плача падчас цырымоніі пахавання фельчара ўкраінскай арміі Назара Лаўроўскага, якому быў 31 год, на Майдане незалежнасці ў Кіеве. Лаўроўскі загінуў 18 красавіка падчас эвакуацыі параненых вайскоўцаў з лініі фронту ў Харкаўскай вобласці. Кіеў, Украіна. 24 красавіка 2024 года.
Фота: Francisco Seco / AP Photo / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Сітуацыя па лініі сутыкнення на паўночным усходзе Украіны цягам содняў заставалася адносна спакойна. У Генеральным штабе Збройных сілаў паведамілі пра адбіццё атакі праціўніка ў ваколіцах сяла Бераставое ў Харкаўскай вобласці.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што самыя ЗСУ атакавалі ў кірунку сяла Ліман Першы і занялі некалькі новых пазіцыяў.

Больш інтэнсіўныя баявыя дзеянні ідуць на суседнім ліманскім кірунку, дзе расейскія вайскоўцы прынамсі 19 разоў за содні атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Торскае, Неўскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва (у Луганскай і Данецкай вобласцях). Разам з тым зменаў па фронце не фіксуецца.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія ціснуць каля населеных пунктаў Верхнякаменскае, Выемка, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка ў Данецкай вобласці, а таксама побач з Белагораўкай на Луганшчыне.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што баі ў ваколіцах усходніх ускрайкаў Часавага Яру набылі пазіцыйны характар, але артылерыя і авіяцыя РФ працягваюць знішчаць умацаваныя раёны ўкраінцаў.

У ваколіцах Клішчыеўкі Пегаў фіксуе невялікія тактычныя поспехі расейцаў, але прасоўванні на гэтым участку фронту ўскладненыя кантролем ЗСУ над панавальнымі вышынямі.

Тэлеграм-канал украінскіх вайскоўцаў «Бахмутський Балу» піша, што сітуацыя ў ваколіцах гораду Часаў Яр усё адно застаецца складанай для сілаў абароны, а адноснае зацішша звязанае з назапашваннем праціўнікам рэзерваў.

У гэты ж час у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ЗСУ контратакуюць каля сяла Іванаўскае (на паўднёвым усходзе ад гораду), імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку становіцца крытычнай сітуацыя на паўночным фланзе, дзе расейскія вайскоўцы развіваюць свой ранейшы поспех.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ўвечары 24 красавіка УС РФ узялі пад свой поўны кантроль сяло Новабахмутаўка. Адзначаецца, што ўкраінцы былі вымушаныя пакінуць населены пункт амаль без бою, паколькі перад гэтым расейцы занялі больш высокія пазіцыі на поўдні і ў цэнтры суседняга Ачэрэтына.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што пасля захопу Новабахмутаўкі расейцы працягнулі рух на захад і зайшлі ў суседняе сяло Салаўёва.

«Рыбарь» сцвярджае, што па стане на дзень 25 красавіка Салаўёва ўжо было цалкам занятае Узброенымі сіламі РФ, а ўкраінскія вайскоўцы адышлі ў суседні населены пункт Сокал, адкуль цяпер вядуць агонь.

Страта Новабахмутаўкі і Салаўёва істотна пагаршае становішча ЗСУ ў заходняй частцы Бэрдычаў, адкуль ім, імаверна, таксама давядзецца адысці, каб не апынуцца ў так званым агнявым мяшку.

Адначасова з гэтым расейцы працягваюць штурм сёлаў Ачэрэтына і Новакалінавае.

На навапаўлаўскім кірунку асноўная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

У Deepstate пішуць, што войскі РФ прасунуліся ў горадзе Краснагораўка.

Расейскі ваенкор Аляксандр Сладкоў піша, што УС РФ захапілі тэрыторыю цагельнага заводу ў Краснагораўцы, заняўшы не менш за дзевяць вялікіх будынкаў.

«Рыбарь» мяркуе, што заняцце заводу фактычна азначае падзенне ўсяго ўмацаванага раёну абароны ЗСУ ў Краснагораўцы, паколькі самое прадпрыемства знаходзіцца на вышыні адносна наваколля, а падкантрольныя ўкраінцаў пазіцыі размяшчаюцца ў прыватным сектары.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, войскі РФ атакавалі на так званым урэмеўскім выступе каля населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў), але поспеху не дасягнулі.

Тэлеграм-канал расейскіх вайскоўцаў «Воин DV» піша, што на гэтых жа ўчастках фронту атакуюць і Збройныя сілы, што ўказвае на сустрэчны характар баявых дзеянняў.

У Запарожскай вобласці баі па-ранейшаму лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў на ўчастку паміж сёламі Вэрбовае і Работына. Прарасейскія крыніцы паведамляюць пра невялікія поспехі сваіх войскаў каля абодвух населеных пунктаў.

У Херсонскай вобласці Узброеныя сілы РФ атакуюць на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з некалькіх невялікіх плацдармаў, але пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў