Фігурантка «справы карагодаў» Алена Лысковіч выйшла на волю


Алена Лысковіч, асуджаная на 1,5 гады «хіміі», 25 студзеня выйшла на свабоду з гарадзенскага ПУАТ № 25. Берасцейка цалкам адбыла тэрмін.

Маці і дачка Алена і Вікторыя Лысковічы.
Фота: Белсат

Алену Лысковіч судзілі па «карагоднай справе» разам з дачкой Вікторыяй, але апошняя ў 2022 годзе змагла збегчы з «хіміі» і пераехаць за мяжу, цяпер яна знаходзіцца ў бяспецы. Алена была прызнаная праваабаронцамі палітычнай зняволенай.

Акцыя, па якой судзілі жанчыну, прайшла 13 верасня 2020 года ў цэнтры Берасця, калі пратэстоўцы вадзілі на скрыжаванні дарог карагод – пакуль іх не разагнаў вадамёт.

Іншага палітвязня па гэтай справе – Дзмітрыя Абрамука – ў калоніі адправілі ў памяшканне камернага тыпу, паведамляюць праваабаронцы. У красавіку яго этапавалі ў папраўчую калонію №1. Неўзабаве адміністрацыя калоніі перавяла яго ў ПКТ да канца тэрміну. Пра гэта паведаміў іншы былы вязень:

«Абрамук пасля «хіміі» ў атрадзе № 7 прабыў 2-3 дні, потым яго перавялі ў атрад № 2. Там яму супрацоўнікі паабяцалі, што зачыняць у памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да канца тэрміну. Так, у прынцыпе, і адбылося за чатыры месяцы. Дзесьці за 15 дзён да яго выхаду за выдуманыя парушэнні (спрачаўся з супрацоўнікам адміністрацыі, не павітаўся і г. д.) яго адправілі ў ПКТ».

У мінулым годзе, за парушэнні рэжыму ПУАТ палітвязню замянілі тры гады «хіміі» на 1 год, 1 месяц і 16 дзён калоніі. Пасля гэтага ў віцебскім СІЗА-2 за парушэнні яго змясцілі ў ШІЗА на 70 содняў.

Алесь Ляўчук, Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў