«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 26 ліпеня.
Палітзняволенаму пчаляру-паэту Мікалаю Папеку з Пружанаў, асуджанаму да двух гадоў «хіміі» па «справе карагодаў», у пачатку красавіка ўзмацнілі пакаранне і перавялі з хіміі ў калонію.
У Баранавічах мужчыну, у якога на ўтрыманні дзіця з інваліднасцю і жонка з анкалогіяй, прысудзілі год «хатняй хіміі» за здзек са сцяга. Суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў вынес рашэнне па справе Віталя Галавача, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства па арт. 370 «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Судовае пасяджэнне ўзначаліў Мікалай Кміта.
Хворую на анкалогію пенсіянерку Галіну Дзербыш, якую цяпер судзяць па «справе Аўтуховіча», учора змясцілі ў карцар тэрмінам на 7 сутак.
Суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі барысаўскага сябра БСДП палітвязня Ігара Ледніка «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Леднік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тры месяцы — яго затрымалі ў межах арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі».
Шаснаццаты дзень «сухой галадоўкі» Мікалая Аўтуховіча. Ён упаў ад слабасці па дарозе ў суд, аднак суддзя адмовіўся выклікаць хуткую дапамогу.
Дзяржабвінаваўца Ірына Падкавырава запатрабавала для журналісткі Ірыны Слаўнікавай 4 гады пазбаўлення волі. Прысуд у справе, верагодна, агучаць 2 жніўня. Суд над Ірынай Слаўнікавай праходзіць у закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе і цягнецца больш за месяц. Узначальвае працэс Мікалай Доля, той самы суддзя, які вынес прысуд у «справе Ціханоўскага». Журналістку абвінавачваюць адразу паводле двух артыкулаў КК: арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім»).
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь». Паводле новага дакументу, следства і суд могуць весці завочна, калі абвінавачаны застаецца за мяжою і адмаўляецца прыязджаць у Беларусь. Таксама дакумент прадугледжвае канфіскацыю маёмасці. Першыя суды магчымыя ўжо на наступны дзень пасля афіцыйнай публікацыі – то бок, 27 ліпеня.
СК перадаў крымінальную справу супраць рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд. Сацук быў затрыманы 8 снежня 2021 года, у яго прайшоў ператрус і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Пасля допыту па старой справе паводле арт. 430 Крымінальнага кодэксу («Атрыманне хабару») яго ўзялі пад варту.
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне жыхара Маладзечна Аляксандра Казакевіча. Прычыны затрымання пакуль невядомыя. 19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі» – суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.
Жыхарка Светлагорскага раёна пайшла ў міліцыю падаваць заяву аб крадзяжы, не стрымалася і абразіла Лукашэнку.
Марыя Мурашка belsat.eu